Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе

Папяльцовая серада

Мц 6, 1–6. 16–18

Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Справядлівасці вашай… Так, чалавек можа разумець справядлівасць па-свойму і рабіць яе напаказ. Напаказ – гэта ўжо першая памылка.

Справядлівасць “па-божаму” – трэба кіравацца Евангеллем, навукай Хрыста. Нічога не змяняць са слоў Хрыста, ні адной літары.

У залежнасці ад таго, як выконваць міласціну, малітву і пост, яны могуць быць як цнотай, так і заганай. Гэта першы і самы празрысты спосаб распазнаць сваё сэрца, сваё нутро. 

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian