Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

ЕЗУС ПАСЦІЎ СОРАК ДЗЁН, І Д’ЯБАЛ ВЫПРАБОЎВАЎ ЯГО

І Нядзеля Вялікага посту

Мц 4, 1–11

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

Чалавек, які посціць, няхай будзе гатовы на большыя спакусы – гэта таксама сродак для духоўнага ўзрастання. Змагаючыся са спакусамі і з самім сабой, чалавек духоўна мацнее і развіваецца.

Задумайся! Слова Божае – гэта сапраўдны хлеб, сапраўдная ежа.

Посцячы і молячыся (разважаючы Слова Божае), не ўпадзі ў пыху (гордыню) - “анёлы панясуць цябе”. Трывай у пакоры, паўтарай словы Хрыста, словы Бібліі: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”.

Пост, малітва і міласціна – гэта перадусім пакланенне і служэнне Пану Богу. “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian