Ідзі спачатку памірыся з братам сваім

Пятніца — І Тыдзень Вялікага посту

Мц 5, 20–26

Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.

Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Справядлівасць мае розные ўзроўні: справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў і справядлівасць Валадарства Нябеснага.

Каб дарастаць да сапраўднай справядлівасці, трэба сапраўды адракацца ад самога сябе і напаўняцца духам любові да бліжняга. Добрыя ўчынкі трэба выконваць ад сэрца. Таксама і думкі павінны згаджацца з тым, што робім.

Заўсёды знойдзецца, над чым папрацаваць, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае.

Кс. Андрэй Шут