Аблічча Ягонае заззяла, як сонца

ІI Нядзеля Вялікага посту

Мц 17, 1–9

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Каб убачыць Пана Езуса, трэба з Ім узысці на высокую гару. Трэба звярнуць увагу на тое, што гэта сам Збавіцель вядзе сваіх вучняў на гару. Без Божага натхнення і ласкі мы там не апынёмся.

У прысутнасці Перамененага Хрыста больш выразна і ясна гучаць словы закона і прарокаў (Майсей і Ілля). Чым вышэй чалавек узыходзіць у духоўным жыцці, тым лепш разумее Пісанне. І наадварот, чым глыбей успрымае і жыве Пісаннем, тым вышэй узыходзіць з Хрыстом.

Трэба быць асцярожнымі, каб у духоўным шляху не ўпасці ў спакусу шукання знакаў (Перамененага Хрыста), а больш звяртаць увагу, каб учынкі адпавядалі Пісанню. Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Кс. Андрэй Шут