Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

АСУДЗЯЦЬ ЯГО НА СМЕРЦЬ

Серада — ІІ Тыдзень Вялікага посту

Мц 20, 17–28

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: Вось мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. І яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён уваскрэсне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш?

Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе.

Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?

Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой.

Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым.

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.

Парадаксальна гучыць пытанне пра першыя месцы ў кантэксце здрады, здзекаў і смерці. З аднаго боку адчуваецца вера гэтай жанчыны і яе сыноў у Божае Валадарства, а з другога – прагненне славы і пыха. Гэта ўсё можа ўтойвацца ў сэрцы аднаго чалавека. Але ці правільнагэта?

Пан Езус хоча выкарыстаць гэтую злую рысу характару вучняў, таму не асуджае іх, але адразу задае пытанне пра келіх пакут і смерці, ці гатовыя яны гэта піць разам са сваім Збавіцелем. Тыя, магчыма, яшчэ на эмоцыях, а можа ўжо задумаліся і адказваюць, што гатовы гэта зрабіць. І так адбылося. Такім чынам, Пан Езус дапамог гэтым апосталам накіраваць моц характару на добрую справу і растлумачыў да чаго трэба імкнуцца ў першую чаргу.

У астатніх апосталаў заўважальна асуджэнне і абурэнне. Іх Езус таксама спакойна накіроўвае да духа служэння іншым, а не наракання, асуджэння ці бунту.

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian