ГЭТА СПАДКАЕМЦА. ХАДЗЕМЦЕ, ЗАБ’ЁМ ЯГО

Пятніца — IІ Тыдзень Вялікага посту

Мц 21, 33–43. 45–46 

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. І намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.

Чытаючы гэтыя фрагменты Евангелля, нявольна ўзнікае пытанне: “Чаму гэты ўплывовы чалавек дапусціў такую нікчэмную смерць не толькі сваіх слугаў, але нават і свайго ўмілаванага сына? Нават калі да слугаў мог быць абыякавы, то не да сына!” Прыпавесць паказвае, што забіваючы цела, немагчыма забіць душы. Загінуўшыя ў гэтым выпадку аказваюцца пераможцамі.

Наадварот, тыя хто здаваўся моцным і забіваў, будуць пакараны сапраўднай смерцю.

Кс. Андрэй Шут