Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

КРЫНІЦА ВАДЫ, ЯКАЯ ЦЯЧЭ Ў ЖЫЦЦЁ ВЕЧНАЕ

ІII Нядзеля Вялікага посту

Ян 4, 5–15. 19b–26. 39а. 40–42

Прыйшоў Езус у самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: Дай Мне піць. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.

Жанчына самаранка кажа Яму: Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі? (Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.) Езус сказаў ёй у адказ: Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады. Жанчына кажа Яму: Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго? Езус сказаў ёй у адказ: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае.

Жанчына кажа Яму: Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерузалеме. 

Езус кажа ёй: Павер мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.

Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё. Езус кажа ёй: Гэта Я, які гавару з табою. 

Шмат самаранаў з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: Расказаў мне ўсё, што я рабіла. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету.

“Дай мне піць.” Езус просіць ад мяне звычайнай вады – гэта мае добрыя ўчынкі, намеры, добрая воля. Узамен прапануе жывую ваду – гэта ласка Божая, дар вечнага жыцця.

Стомленасць Езуса адлюстроўвае Яго працавітасць. Акрамя ласкі Божай, Збавіцель прыкладае таксама свае звычайныя чалавечыя сілы ў справу евангелізацыі.

Жыццё жанчыны перамянілася, і яна стала сведкай Хрыста-Месіі. А ўсё пачалося з кубка звычайнай вады. Пастараюся цаніць кожны добры ўчынак, які магу зрабіць сёння.

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian