Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

ПАЙШОЎ, АБМЫЎСЯ І ПРЫЙШОЎ ВІДУШЧЫ

 

ІV Нядзеля Вялікага посту

Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.

А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Гэта ён, — а іншыя: Падобны да яго. А ён сам казаў: Гэта я.

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу.  

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату. Іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды? І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы? Той адказаў: Гэта прарок.  

Сказалі яму ў адказ: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш? І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: Ці верыш ты ў Сына Чалавечага? Той адказаў: А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго? Езус сказаў Яму: Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. Ён жа сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму.

Сліна Езуса, змешаная з зямлёю тут можа абазначаць спасланне Божай ласкі на чалавецтва, слабое і грэшнае. Бог паднімае грэшніка з зямлі, аздараўляе, ачышчае і запрашае ў Нябеснае Валадарства. Пасля фізічнага аздараўлення, сляпы аздаравіўся і духоўна. Ён сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму.

Езус аздараўляе ў шабат. Поўня ласкі Божай сплыве на свет праз Езуса Хрыста ў Ягоны дзень, у дзень Ягонага Уваскрасення. Пастараюся перажываць нядзелю як Дзень Божы, ў які Бог мне даў новае жыццё.

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian