Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

ЯК АЙЦЕЦ УВАСКРАШАЕ МЁРТВЫХ І АЖЫЎЛЯЕ ІХ, ТАК І СЫН АЖЫЎЛЯЕ ТЫХ, КАГО ХОЧА

Серада — ІV Тыдзень Вялікага посту

Ян 5, 17–30

Езус адказаў юдэям: Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю. За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў шабат, але таксама называў Бога ўласным Айцом, робячы сябе роўным Богу.

Тады Езус сказаў ім у адказ: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога не можа рабіць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць падобным чынам. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя, чым гэта, каб вы дзівіліся.

Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна, і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, хто пачуе, будуць жыць.

Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.

Не здзіўляйцеся гэтаму, таму што надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны. І тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння.

Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.

У гэтым фрагменце паразважаем над адзінствам Езуса і Айца. Езус пачынае больш падрабязна тлумачыць нам гэту вялікую таямніцу. Адзіныя ў дзеянні, у даванні жыцця, у здольнасці і моцы судзіць, адзіныя ў пашане, у верагоднасці і адзіныя ў чыненні дабра. Больш таго, Айцец усё перадаў Сыну. І здзейсніцца яшчэ адна вялікая справа – наша адкупленне.

Паразважаю, што, каб дайсці да Айца, трэба сустрэцца з Сынам, і каб бачыць Айца Нябеснага, трэба бачыць Езуса. Падумаю, як мне гэта зрабіць у штодзённым маім жыцці.

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian