Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

НАМАГАЛІСЯ СХАПІЦЬ ЯГО, АЛЕ ЯШЧЭ НЕ НАСТАЎ ЯГОНЫ ЧАС

Пятніца — IV Тыдзень Вялікага посту

Ян 7, 1–2. 10. 25–30

Езус хадзіў па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.

Набліжалася юдэйскае свята Шатроў. Калі браты Ягоныя пайшлі на свята, тады і Ён пайшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.

Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: Ці не той гэта, якога шукаюць, каб забіць? I вось Ён гаворыць адкрыта, і нічога не кажуць Яму. Можа кіраўнікі на самой справе пераканаліся, што Ён Месія? Але мы ведаем Яго, адкуль Ён, а калі прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.

Тады Езус, які навучаў ў святыні, усклікнуў, кажучы: I Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. Але Я прыйшоў не сам ад сябе; і праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

I намагаліся схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настаў Ягоны час.

Час Езуса яшчэ не настаў, але ўжо блізка. Ён добра ведае пра гэта, ведае, што мае адбыцца, ведае навошта прыйшоў на зямлю і выконвае сваю справу.

Я не ведаю свайго часу. Таму мушу кожны дзень успрымаць як свой час, які трэба выкарыстаць. Як я выкарыстоўваю свой час? Да чаго імкнуся? Ці правільна выкарыстоўваю? Ці для дабра свайго і ншых?

Кс. Андрэй Шут

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian