Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

МУКА ПАНА НАШАГА ЕЗУСА ХРЫСТА

Вялікая пятніца Мукі Пана

Ян 19, 16-30

І ўзялі Езуса. І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам чэрапа, па-гэбрайску – Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-гэбрэйску, па-лацінску і па-грэцкі. Першасвятары юдэяў казалі Пілату: Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сказаў: Я Кароль Юдэйскі. Пілат адказаў: Што напісаў, тое напісаў.

Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была без швоў, уся ад верху да нізу тканая. Таму сказалі адзін аднаму: Не будзем разрываць яе, але кінем жэрабя, чыя будзе. Каб збылося сказанае ў Пісанні: Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзенні маім кінулі жэрабя. Жаўнеры так і зрабілі.

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын твой. Потым сказаў вучню: Вось, Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: Прагну. Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на трысціну губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: Збылося! І схіліўшы галаву, сканаў.

1. Надышла гадзіна, здзейсніліся прароцтвы, нават найменшыя. Езус выканаў справу адкуплення. Заўсёды быў верну свайму Айцу.

2. У асобе апостала Яна, які стаяў пад крыжам Хрыста, мы атрымалі Марыю, Маці Сына Божага як сваю Маці. Пастараюся будаваць з Ёю больш даверлівыя адносіны.

3. Сапраўдная прага Хрыста – гэта здзяйсненне Волі Айца і нашае збаўленне.


Кс. Андрэй Шут
 
English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian