Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Гісторыя беларускага скаўтынгу

Памежнае геаграфічнае становішча нашай краіны адыграла вялікую ролю ў з’яўленні і развіцці скаўтынгу на Беларусі. У нашу краіну скаўтынг прыйшоў з аднаго боку з Польшчы, з іншага – з Расіі. З 1912-га году ў Гомелі, а з 1917-га году пад Гародняй існавалі скаўцкія дружыны. Пасля 1921-га году пачалі дзейнічаць скаўцкія адзінкі ў Клецку і Нясвіжы. Троху пазней скаўты з'явіліся ў Крэве, Баранавічах, Барунах і Вільні. У 1922-м годзе скаўтынг – забаронены. У 1926-м годзе адбыўся масавы арышт скаўтаў, лідэры скаўцкага руху былі сасланы на Салаўкі, частка ўдзельнікаў скаўцкага руху міграравала ў Англію, Германію, Францыю і Аўстрыю.

Актыўную працу са скаўтамі да І сусветнай вайны ў Вільні праводзіў а. Ян Станкевіч, ён падымаў беларускі дух і імкнуўся да захавання беларускай мовы і культуры. У Вільні дзейнічала чатыры дружыны. З 1926-га па 1929-ты ў Віленскай гімназіі паўстала і актыўна дзейнічала жаночая галіна «Сёсты агню». 

Пасля Другой сусветнай вайны было ўтворана Згуртаванне беларускіх скаўтаў чужыны (ЗБСЧ), якое дзейнічала з 1945-га па 1951-ы гады ў Германіі. Дзякуючы гэтай арганізацыі была захавана традыцыя беларускага скаўтынгу, якая стала падставай і цвёрдым падмуркам аднаўлення скаўцкага руху ўжо ў наш час.

Гісторыя паўстання парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE), звязана галоўным чынам з двума святарамі – грэка-каталіцкім айцом Андрэем Абламейкам і рыма-каталіцкім айцом з ордэну дамініканцаў Браніславам Дашкевічам. 

Яшчэ будучы дыяканам, а. Андрэй Абламейка актыўна ўдзельнічаў у душпастырстве скаўтаў АБС (Аб'яднанне беларускіх скаўтаў): евангелізаваў, праводзіў катэхэзы, удзельнічаў у летніках. Ён імкнуўся даказаць, што вера для скаўтаў гэта не проста фармальная справа, а падмурак скаўтынгу і яго развіцця. Але пасля таго, як АБС вызнала веру фармальнай рэччу, а. Андрэй восенню 1999-га года сабраўшы некалькі католікаў рымскага і бізантыйскага абрадаў, абвясціў стварэнне Аб'яднання Хрысціянскіх Скаўтаў «Гайсак». Адбылося гэта ў грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбца ў горадзе Маладзечна. 

У 2000-м годзе аб'яднаная рада сустрэлася з афіцыйным прадстаўніком FSE Ларанам Валю. Айцец Андрэй узгадвае: «Падчас сустрэчы Ларан распавядаў гісторыю станаўлення і развіцця скаўтынгу FSE, пра дзейнасць федэрацыі, аб каталіцкім падыходзе да скаўтынгу слугі Божага а. Жака Сэвэна SJ, пра асаблівасці педагогікі скаўтаў Еўропы». Рада пастанавіла далучыцца да еўрапейскага скаўтынгу і 3-га снежня 2000-га года некалькі хлопцаў і дзяўчат склалі Прырачэнне, гэтую падзею можна лічыць пачаткам каталіцкага скаўтынгу на Беларусі. 

Зімой 2001-га года адбылася афіцыйная сустрэча дэлегацыі беларускіх скаўтаў з кіраўніцтвам ZHK (Związek Harcerstwa Katolickiego) «Zawisza» у Любліне. У гэтым жа ж годзе адбыўся навучальны летнік для скаўцкіх шэфаў на возеры Свір і неўзабаве ў грэка-каталіцкай парафіі св. Язэпа ў Мінску паўстала два звязы – звяз скаўтаў імя благаслаўлёных пратулінскіх мучанікаў і звяз скаўтак імені св. Барбары. Летам скаўты прынялі ўдзел у пілігрымцы з Віцебска ў Полацк, а таксама адбыўся скаўцкі летнік на рацэ Нарачанка, у якім прыняло ўдзел 60 дзяўчат і хлопцаў з Беларусі і Украіны. 

У жніўні 2003-га года скаўты і скаўткі з Беларусі прынялі ўдзел у Еўраджэме (злёт усіх скаўтаў, якія належаць да FSE), які адбыўся ў Польшчы. Удзел у гэтым мерапрыемстве прыняло 44 асобы з Беларусі.  На апошнім Еўраджэме ў 2014-м годзе, які адбыўся ў Францыі, Беларусь прадстаўлялі ўжо 187 скаўтаў і скаўтак.

Зараз парафіяльныя групы, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE) ў Беларусі, налічваюць больш за 300 чалавек, якія актыўна дзейнічаюць і развіваюцца ў амаль дзесяці гарадах і мястэчках Беларусі.   

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы працы Сяргея Раюнца "Duszpasterstwo skautingu katolickiego Europejskiego FSE na Bialorusi w latach 2000-2010 na przykladzie parafii Minskiej pod wezwaniem sw. Jozefa"

Адгалінаванні скаўтынгу

Ваўчаняты і Божыя Кароўкі
8-11 год
Скаўты і Скаўткі
12 - 16 год
Вандроўнікі і Правадніцы
17 год і да бясконцасці

Мэты скаўтынгу

У чым дапамагае развівацца скаўтынг?

  1. Бог
  2. Здароўе
  3. Характар
  4. Служэнне
  5. Практыка
Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога...

Святы Ян Павел ІІ

 

Відэа

15 год каталіцкаму скаўтынгу на Беларусі

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian