Слуга Божы Якуб Сэвэн

Бацька каталіцкага скаўтынгу, заснавальнік ордэна св. Ерузалемскага Крыжа.

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў горадзе Ліль на поўначы Францыі. 

У сваім дзённіку ён піша, што ўжо ў 13 гадоў адчуў пакліканне да манаскага і святарскага жыцця. 

У 1902 годзе, калі яму было 18 гадоў, ён уступіў у манаскі ордэн езуітаў, які быў заснаваны св. Ігнатам Лаёлам. Падчас навіцыяту ён часта ездзіў на вакацыі ў Вялікабрытанію, дзе пазнаёміўся са скаўтынгам, які ў той час толькі пачаў фарміравацца, і вельмі ім зацікавіўся. 

У самой Францыі да скаўтынгу ставіліся з недаверам як з боку грамадства, так і царкоўных уладаў, якія вельмі насцярожана ўспрымалі ўсе навіны з англіканскага вострава. У друку з’явіліся крытычныя заўвагі ў бок скаўтынгу, у тым ліку ў езуіцкім часопісе Etudes. Малады семінарыст звярнуўся да кіраўніцтва за дазволам выехаць у Лондан, каб там лепш пазнаёміцца з гэтым метадам выхавання, што выклікаў столькі спрэчак.

Выезд адбыўся ўвосень 1913 году. Якуб Сэвэн вельмі плённа правёў час у Англіі, вывучаў скаўцкую літаратуру, да якой ён меў доступ. Веды, якія Якуб Сэвэн там набыў, зрабілі яго, як сцвярджаюць гісторыкі, найбольш глыбокім знаўцам скаўцкага метаду сярод заснавальнікаў французскага скаўтынгу. 20 верасня ён сустрэўся з лордам Бадэн-Паўэлам (Бі-Пі) “за кубачкам гарбаты”. У гэты дзень Якуб Сэвэн вырашыў заснаваць каталіцкі рух скаўтаў у Францыі. 

На жаль, яго намерам было наканавана няхутка спраўдзіцца: пачалася І Сусветная вайна. Атрымаўшы святарскія свячанні 2 жніўня 1914 году, ужо як малады святар Якуб Сэвэн у гэты час знаходзіўся ў Бельгіі, якая неўзабаве трапіла пад нямецкую акупацыю. Там (у Ангьен (Enghien)) ён правёў два апошнія гады навіцыяту і 2 лютага 1917 году склаў вечныя шлюбы. 

У гэты ж час Якуб Сэвэн выкладаў у езуіцкім ліцэі, які ў хуткім часе зачынілі акупанты. У гэтай сітуацыі вымушанай “бяздзейнасці” айцец-настаяцель, які ўвесь час з недаверам ставіўся да скаўтынгу, дае дазвол на апрацоўку матэрыялаў пра гэты метад выхавання. У перыяд з восені 1916 да вясны 1917 Якуб Сэвэн напісаў кніжку Скаўтынг. Тэарэтычныя заняткі і практыка, якая была выдадзена ў 1922 годзе і аказала вялікі ўплыў на станаўленне скаўтынгу ў Францыі. 

У 1917 годзе Якуб Сэвэн пераехаў у Мускрон (Mouscron), што ў Бельгіі, дзе таксама знаходзіўся езуіцкі ліцэй. Там ён упершыню паспрабаваў стварыць скаўцкі звяз, хоць гэта было й няпроста зрабіць у акупаванай Бельгіі. Апрача таго, кіраўніцтва а. Сэвэна не было да канца ўпэўненае ў карысці эксперыментавання са свецкімі навінкамі педагогікі з пратэстанцкай Англіі. Звяз, які стварыў Якуб Сэвэн, не насіў скаўцкую форму і не мог называцца “скаўцкім ”. 

З цягам часу адносіны царкоўных уладаў да скаўтынгу змяніліся. У 1920 годзе быў дадзены афіцыйны дазвол на стварэнне каталіцкай скаўцкай арганізацыі Скаўты Францыі. Айцец Сэвэн быў прызначаны на пасаду генеральнага камісара і генеральнага сакратара. 

Будучы ўпэўненым, что толькі абсалютная вернасць скаўцкаму метаду Бі-Пі можа надаць скаўтынгу поўны выхаваўчы змест, ён напаўняе яго каталіцкай духоўнасцю. Такім чынам, можна сказаць, а. Сэвэн “ахрысціў” скаўтынг, выкарыстоўваючы яго для выхаваўчай і катыхетычнай працы Каталіцкай Царквы. Ён надаў хрысціянскі сэнс кап’ю, у якім усе скаўты ёсць братамі ў Хрысце; развіў ідэю добрага ўчынка Бі-Пі як служэння бліжняму; паклаў пачатак існавання новай арганізацыі, складаючы статут, педагагічныя праграмы, правілы, а таксама шмат песень і малітваў (сярод якіх – малітва кап’явога). За малітву скаўта ён узяў трохі пераробленую малітву св. Ігната Лаёлы, таму што для а. Сэвэна скаўт – гэта хрысціянін, найвялікшым прагненнем якога з’яўляецца пашырэнне вакол сябе Валадарства Хрыста.

На пачатку існавання “Скаўтаў Францыі” Якуб Сэвэн аказваў вялікі ўплыў на фармаванне маладых звязовых. Ён імкнуўся ўсіх зацікавіць, каб кожны адчуў пэўную адказнасць. Але найважнейшай падзеяй было правядзенне легендарных навучальных летнікаў Хамерандэ (Chamerande) у 1923-1933 гадах. Дазвол на правядзенне гетага летніка а. Сэвэн атрымаў з рук самога Бі-Пі, і дзякуючы гэтаму, Хамерандэ атрымаў гэткі ж статус, што і міжнародны навучальны летнік Гілвэл (Gilwell) у Англіі. Гэтая акалічнасць сведчыць пра давер Бі-Пі да французскага манаха. 

На Хамерандэ Якуб Сэвэн паказаў сябе сапраўдным педагогам, які дасканала валодаў скаўцкім метадам і ведаў патрэбы звязовых. Удзельнікі летніка ўспаміналі незабыўную атмасферу, якая там панавала. Сэрцам летніка была самаробная капліца, дзе пра сталую прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшых Сакрамантах нагадвала вогнішча, што старанна падтрымлівалі. Сімвалам паспяховага завяршэння Хамерандэ была шэра-ружова-аранжавая хустка з горада Гілвэл. 

У 30-я гады айцец Сэвэн робіць крокі, каб стварыць арганізацыю, заснаваную на ігнацыянскай духоўнасці, для апостальскага служэння моладзі. У 1944 годзе ўзнікае ордэн св. Ерузалемскага Крыжа, якому на сённяшні дзень належаць некалькі выхаваўчых устаноў для дзяцей і моладзі ва ўсім свеце.

Праз шэсць месяцаў пасля пяцідзесятай гадавіны сваіх першых манаскіх шлюбаў ва ўзросце 69 гадоў а. Якуб Сэвэн адыходзіць “на спатканне ў летнік адпачынку і радасці, дзе Госпад сам паставіў намёт для яго навекі”. 

Яго апошнім пасланнем былі словы: “Будзьце святымі, бо толькі гэта сапраўды залічваецца!” 

 

Малітва заступніцтва а. Жака Сэвэна

Божа, ты ўліў у сэрца Твайго слугі айца Жака Сэвэна гарачае прагненне аддавання сябе да самога канца. Праз Тваё натхненне ён прысвяціў сябе выхаванню моладзі ў межах каталіцкага скаўтынгу, а таксама з думкай пра моладзь заснаваў Інстытут Святога Езузалемскага Крыжа. Просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы падобную любоў у прысвячэнні сябе маладым, а Твайго слугу Жака май ласку ўзнесці да хвалы благаславёных. Амэн.

Мэты скаўтынгу

У чым дапамагае развівацца скаўтынг?

  1. Бог
  2. Здароўе
  3. Характар
  4. Служэнне
  5. Практыка

Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога...

Святы Ян Павел ІІ

Адгалінаванні скаўтынгу

Ваўчаняты і Божыя Кароўкі
8-11 год
Скаўты і Скаўткі
12 - 16 год
Вандроўнікі і Правадніцы
17 год і да бясконцасці

Усе правы абаронены © 2023