Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Скаўты з Барысава адзначылі дзесяцігоддзе сваёй дружыны

Каталіцкія скаўты розных узростаў з Барысава сабраліся 2 чэрвеня разам, каб адзначыць 10-годдзе сваёй дружыны — першай барысаўскай дружыны ў гонар бласлаўлёных пакутнікаў з Росіцы. Сустрэча прайшла ў лясным масіве пад Барысавам.

На традыцыйным месцы сустрэчы разам з бацькамі і гасцямі сабралася каля 70-ці чалавек.

Скаўцкі рух дзеліцца на ўзроставыя групы: «ваўчаняты» — 8-11 гадоў, «скаўты» — 12-17 гадоў, «вандроўнікі» — 17 і больш гадоў. 

Самаму юнаму ўдзельніку сустрэчы Адаму, які яшчэ не дарос да таго, каб стаць «ваўчанём», было 3 месяцы. Самаму даросламу скаўту Валерыю, які носіць імя «Каа» ў гонар героя з казак Кіплінга і выконвае абавязкі дапаможнага ў зграі «ваўчанят», — 40 гадоў.

Бацькі з цікавасцю назіралі за метадамі ў занятках з моладдзю, маглі задаваць любыя пытанні і, гледзячы на настрой, які панаваў на месцы збору, былі задаволеныя тым, што ўбачылі.

…Вось на гук паляўнічага рогу скаўты збегліся з усіх бакоў і пашыхтаваліся на лясной паляне. Між іншым, барысаўскія скаўты, якія сустрэлі нас у лесе, жылі там ужо другі дзень — у суботу ў іх адбылася Вялікая скаўцкая гульня, падчас якой хлопцы спраўджвалі свае ўменні — вязанне вузлоў, арыентаванне на мясцовасці, будаванне шалашоў, гатаванне ежы і г.д.

Барысаўскі дружыновы Павел Бельскі, а таксама кіраўнік каталіцкіх скаўтаў Беларусі Павел Граковіч распавялі пра гісторыю гэтага каталіцкага моладзевага руху ў Барысаве і абвясцілі праграму збору.

Скаўт рыхтуецца быць адказным членам Касцёла і нацыі, таму першым пунктам па плане была праца: чатыры каманды павінны былі прыгатаваць на вогнішчы абед для сябе і для гасцей.

Як адзін з гасцей, аўтарытэтна сведчу, што ў кожнай каманды гэта атрымалася! Не буду падрабязна распавядаць пра смачныя салаты, сардэлькі і бульбу з гарбатай... Раптам, мой чытач, ты зараз галодны?

Працягам сустрэчы стала нядзельная літургія, якую цэлебраваў айцец Вячаслаў Пялінак MIC, які ў казанні ўзгадаў веру рымскага афіцэра-сотніка ў Хрыста і ў любоў, якую рымлянін выказаў да свайго хворага слугі.

Словы святара нагадалі нам, што скаўт, як і кожны хрысціянін, павінен быць разумным, мужным і моцным рыцарам Хрыста, быць прыкладам — у сямейным жыцці, на працы, у грамадcтве.

Затым быў спеў, час на роздум у цішыні. Працяг сустрэча атрымала ў скаўцкіх гульнях. Цікавым атрымаўся гумарыстычны спекталь пра лазню: ці ведалі вы, што ў Сахары людзі мыюцца пяском…

А потым усе жадаючыя маглі паспаборнічаць у спрытнасці, хуткасці і сіле. Здаровыя маральныя прынцыпы і фізічнае развіццё, чыстае паветра і цудоўная беларуская прырода, узаемная дапамога — вось што такое каталіцкія скаўты ў нашай краіне.

Скажу шчыра, я пазайдросціў таму, што гэткага не было ў маім дзяцінстве, і парадаваўся за той дух хрысціянскага сяброўства, які дазваляе юнакам годна прымаць і перамогі, і паразы.

Вы спытаеце, ці хацеў бы я зноў паехаць да скаўтаў? Вядома, што так!

Алесь Гелагаеў

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian