Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з федэральным камісарам FSE Марцінам Хафнэрам

15 красавіка ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Марцінам Хафнэрам — федэральным камісарам FSE (Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу).

Марцін Хафнэр наведаў Беларусь упершыню. Мэтай трохдзёнага візіту федэральнага камісара стала жаданне бліжэй пазнаёміцца з парафіяльнымі групамі, якія практыкуюць педагогіку еўрапейскага скаўтынгу ў Беларусі.

На сустрэчы Марцін Хафнэр распавёў пра падрыхтоўку да важнай падзеі ў жыцці скаўтаў, якая адбудзецца ў 2014 годзе, — Еўраджэму. Еўраджэм (Eurojam) — гэта агульнаеўрапейскі скаўцкі летнік, у якім будуць удзельнічаць 10 тысяч еўрапейскіх каталіцкіх скаўтаў з усёй Еўропы. У гэтым мерапрыемстве маюць намер прыняць удзел і каталіцкія скаўты з Беларусі.

Падчас размовы Мітрапаліт і Марцін Хафнэр абмеркавалі вялікую карысць служэння моладзі ў Касцёле, магчымасць і важнасць яе духоўнага росту і супольнай малітвы. Працягваючы размову на тэму служэння, арцыбіскуп распавёў госцю пра ўдзел скаўтаў у штогадовых святкаваннях і ўшанаваннях абраза Маці Божай Будслаўскай і асабліва пра падрыхтоўку да сёлетняга юбілейнага святкавання.

На працягу сустрэчы федэральны камісар некалькі разоў падкрэсліў, што ён вельмі рады наведаць Беларусь і мець магчымасць пазнаёміцца з жыццём нашай краіны. Марцін Хафнэр адзначыў, што ў Беларусі яго найбольш уразіла моц веры і глыбіня духоўнасці беларускага народа, якую, на жаль, яго краіна паціху страчвае.

Марына Гарашэвіч, Дар'я Суша