Шчаслівая сям'я

А мы перажылі наш цудоўны летнік!

Напрыканцы лета кола Божых каровак з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля з Гродна здзейсніла летні палёт. Месцам яго правядзення стаў маляўнічы аграгарадок Парэчча. Мясцовыя жыхары і нашыя верныя сябры гасцінна прынялі ў сваім доме малых вандраўнікоў.

Як вядома, бягучы год абвешчаны Святым Айцом Францішкам годам Божай Міласэрнасці. Менавіта таму падчас правядзення летніка нашая каманда звярнула вялікую ўвагу на вывучэнне Божымі кароўкамі ўчынкаў міласэрнасці. Падчас палёту кожная Божая кароўка ў дзіцячай прыгодзе праз гульню вучылася, як быць уважлівай да бліжняга і як рабіць учынкі міласэрнасці ў сваім жыцці. Заклікаем, каб бацькi праверылі на практыцы новы досвед сваіх дзетак.

Далей! Як заўжды, шмат часу мы праводзілі на свежым паветры: хадзілі ў лес, на возера, вучыліся плясці вяночкі, пускалі іх па вадзе, гулялі ў нашыя скаўцкія гульні. Здавалася, што прырода сама падказвае нам, хто мы такія! Праз сваю цудоўную цішыню яна дапамагла ўсім нам адчуць сябе сапраўднай шчаслівай сям’ёй, дзе кожны гатовы прыйсці на дапамогу іншаму.

А ў вечары падчас вогнішча наша сям’я прымала гасцей.

Адно з такіх вогнішчаў было прысвечана нашай беларускай нацыянальнай культуры: мы спявалі, вучыліся танцавать польку-бабачку і карапет, пазнаёміліся з нацыянальным строем і музычнымі інструментамі. Менавіта ў полымi вячэрняга вогнiшча дзяўчатам сапраўды ўдалося раскрыць свае творчыя таленты. Хто паказаў сябе як яскравая актрыса, а хто як таленавіты рэжысёр, хто як выдатная паэтка або як цудоўны мастак.

Традыцыйным заканчэннем летняга палёту стаў бацькоўскі дзень. Ён распачаўся Святой Імшой, якую цэлебраваў наш апякун айцец Андрэй. Пасля яе Божыя кароўкі паказалі бацькам свае маленькія спектаклі, запрасілі пагуляць у “ручаёк” і ў “мосцікі”. Падзяліўшыся з роднымі сваёй  вялікай радасцю і ўсмешкамі, мы пачаставалі ўсіх смачным абедам.

Шкада было развітвацца.

Але зусім хутка адбудзецца новая зборка, і ўся шчаслівая сям’я зноў сустрэнецца, каб падарыць iншым сваю вялікую радасць!

Шчаслівага палёту Божыя кароўкі!

Шэфы: Ірына, Ліля і Каця
Вашыя сябры Маша, Ірына і айцец Андрэй