Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Летнія прыгоды скаўтаў з Гродна

Вось лета і скончылася, час падвесці вынікі. Гэтае лета было насычана новымі знаёмствамі для скаўтаў з Парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Кожны з хлопцаў атрымаў дар сяброўства і прыняў удзел у захапляючых прыгодах.

Летняя пара распачалася з Харцаў Маёвых у Польшчы, дзе хлопцы праявілі свій скаўцкі дух, характар, а таксама знайшлі сяброў. Наступным этапам прыгоды была пілігрымка ў Будслаў, якой увесь час спадарожнічала гарачае надвор’е і пылаючыя сэрцы. Гэтая пілігрымка была прысвечана 15-ці годдзю каталіцкага скаўцкага руху на Беларусі. Апошнім пунктам летняй прыгоды стаў летнік, да якога хлопцы рыхтаваліся вельмі сур’ёзна. Гэта была праверка даверу адзін да аднаго і да сваіх шэфаў, а таксама на вернасць скаўцкаму духу.

Галоўнай часткай летніка была Вялікая Скаўцкая Гульня. Калі б вы толькі бачылі, родныя і блізкія, як выглядала гэтая гульня! ВСГ праходзіла на палігоне з 16.00 да 4.00. Моц духа, сяброўства, дух адзінства, узаемная дапамога – я ўсё гэта бачыў! Якімі замучанымі, але шчаслівымі хлопцы вярталіся раніцай у лагер.

Часам, з нагоды сюрпрызаў надвор’я, мы, шэфы, апускалі рукі. Моцныя дажджы, якія затапілі дарогі, навальніцы, якія ламалі дрэвы, а нават заваліла праезд у лес! Не раз трэба было крычаць аб дапамозе сяброў, якія былі побач, калі мы прабівалі дарогу або разбіралі завалы. Настаў такі момант, калі здавалася, што няма ўжо сіл і ўсе паніклі. З’явілася думка вяртацца дадому! Дадому! Холад, вецер, усё адзенне вільготнае, няма магчымасці распаліць вогнішча, каб зрабіць цёплую ежу або элементарна зрабіць гарбату. І толькі шэф, Павел Раманчук, змог распаліць вогнішча і зрабіць для ўсяго звяза добрую гарачую гарбату. Калі пілі гарбату, распачалі радасна спяваць і маліцца да Айца нашага ў Небе! Са слоў Паўла: ”Я нават рады такім выпрабаванням і такому надвор’ю. Усе мы прайшлі іспыт“на мужнасць”, усіх аб’яднала вера, моц Духа. Ніхто не збег да матулі!”

Падчас летніка адбылася значная падзея ў жыцці нашай адзінкі - вызнанне першай Гарадзенскай дружыны.

Да нас завіталі даўгачаканыя госці – наш адказны за педагагічную фармацыю Павел Бельскі, госць з Санкт- Пецярбурга Антоні, які з’яўляецца адказным за развіццё скаўтынгу ў Расіі, наш галоўны душпастыр, ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, а таксама нашыя бацькі і сябры. Госці з захапленнем разглядалі лагер, нашую піянерку. Адно кап’е жыло ў зямлянцы, іншыя – на адна-двухпавярховых платформах – на дрэвах. Была цудоўная капліца з палявым алтаром. Біскуп Аляксандр прызнаўся, што ў яго практыцы гэта першая і вельмі знакавая служба ў лесе пры лясным алтары. Ён дзякаваў скаўтам за веру і радасць жыцця.

Асаблівая падзяка ў падрыхтоўцы і правядзенні летніка для нашага святара айца Андрэя, які актыўна прымаў удзел ва ўсіх мерапрыемствах.

Чатыры гады, час памылак і іх выпраўлення, з выкарыстаннем спецыяльнай педагагічнай і навукова-метадычнай праграмы – мы прыйшлі да гэтага, да першай Гарадзенскай дружыны ФСЕ імя Св. Герарда Майеллы. Наш адказны, Павел Бельскі, пры ганаровых гасцях, родных і блізкіх, склаў на рукі дружыновага Алега і звязовага Паўла новы асвечаны Басан і грамату аб вызнанні дружыны.

Напагатове! Хвала Хрысту!

Леанід Равінскі, скаўцкі сябар і прадстаўнік бацькоў

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian