"Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? Саміх сябе даследуйце"

Вясновая вандроўка маладых правадніц вогнішча Св. Цэцыліі праходзiла з 24 па 26 сакавіка.

Так правадніцы адправіліся на цягніку ў Жабінку, а адтуль раніцай у вёску Прылуччына. Наша падарожжа распачалося і стала вялікай магчымастю пабыць з прыродай такі доўгі час і атрымаць асалоду ад усёй яе прыгажосці. А гэта значыць - быць бліжэй да Бога; мець магчымасць раскрыць сябе, свае таленты, пачуццё прыгажосці; глядзець у далечыню і проста адпачываць. "На прыродзе, у маўчанні мы адчуваем свабоду ад хаосу гэтага свету".

Першы наш прыпынак быў у вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёну, дзе знаходзяцца рэшткі сядзібы Дзяконскіх (сярэдзіна XIX ст.). Альбін Дзяконскі ўпарадкаваў стары лес ля палацу, перарабіўшы яго ў парк. Да цяперашняга часу засталіся асобныя экзэмпляры рэдкіх відаў дрэваў: амэрыканскі вяз, лістоўніца, веймутавая сасна, бук, граб, чорная вольха, клён, дуб і інш. Найстарэйшае дрэва паркудуб чарэшчаты са ствалом дыямэтрам 146 см. Непадалёк ад палацу захаваўся валун, аформлены ў выглядзе фатэля.

Святая Імша ў лесе – гэта незвычайная падзея, калі ты адчуваеш усю веліч Божага cтварэння. Пасля яе мы распалілі вогнішча і прыгатавалі смачны абед і зноў адправіліся ў шлях.

Праз некаторы час мы ўжо дабраліся да Пружан, дзе на начлег нас прыняў кс. Вінцэнт. Стомленыя ад вячэрняга мацыёну па горадзе, мы з'елі марожанае і хутка акунуліся ў Святую Цішыню.

Нядзельная раніца пачалася са Святой Імшы ў вёсцы Вялікае Сяло. Развітаўшыся з ксяндзом, мы зноў вырушылі ў свой шлях. Мэтай нашага наступнага наведвання была Капліца на месцы бітвы 1812 года. Яна была ўзведзена ў 1912-1914 гадах у памяць аб загінуўшых. Побач на лясной дарозе усталяваны памятны камень. На ім намалявана схема Гарадзечынскай бітвы. Паснедаўшы, мы рушылі далей, аж да самага абеду, знайшоўшы і 30 хвілін для размовы ў цішы з Богам.

Падрыхтаваўшы сябе на вячэру салат, мы паклалі яго ў кацялок і пайшлі да Ківаціцкай званіцы. Касцёл святога Пятра і Паўла быў пабудаваны ў 1610 годзе і знішчаны ў 1942 годзе. Засталася ад яго толькі званіца, якая знаходзіцца на могілках з пахаваннямі. Памаліўшыся, мы вырушылі да чыгуначнага прыпынку.

Сеўшы ў цягнік, мы павінны былі перш за ўсё павячэраць, чаго мы ўжо так даўно чакалі. І…дастаўшы свой смачны салат у кацялку, прыняліся яго доўга есці.

Заснулі мы з новымі пастановамі для сябе. А раніцаю вымушаны былі развітацца. Але не на доўгі час…

Вандроўкагэта нашае жыццё. Кожны дзень мы павінны сябе выпрабоўваць, ставіць сябе мэты, нават тыя, што на наш погляд здаюцца недасягальнымі.

Зіна Панкевіч, Мазыр