Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Нацыянальная вандроўка Глыбокае-Удзела-Мосар

Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына… Гэтае станаўленне адбываецца ў непарыўнай сувязі з тым, што ахінае нас навокал. Менавіта таму такой неабходнай з’яўляецца магчымасць мець поруч людзей, якія могуць нас нечаму навучыць, і якім мы таксама можам нешта даць.

Нацыянальная вандроўка па маршруце Глыбокае-Удзела-Мосар стала сапраўдным выпрабаваннем характару для ўсіх удзельнікаў гэтага невялічкага падарожжа. За гэты час мы паспелі пазмагацца з ветрам, градам, снегам і дажджом. Але сапраўнай нечаканасцю з’явілася балота на тым месцы, дзе мы разлічвалі знайсці дарогу. Толькі вось гэта ніяк не спыніла нас, а наадварот, мы трымаліся яшчэ бліжэй адзін аднаго і прымалі выпрабаванне з усмешкай. Ніхто не скардзіўся ні на мокрыя ногі, ні, нават, на холад. Менавіта ў такія хвіліны больш за ўсё адчуваеш, што ты там, дзе павінен быць.

Гэтая вандроўка пазнаёміла нас з яшчэ адным непаўторна прыгожым кутком нашай краіны. У Глыбокім асабліва ўразілі касцёл і царква, якія як брат і сястра стаяць адзін насупраць аднаго, ва Удзеле - цёплы прыём і казачная, дзівосная батлейка, у Мосары - Шлях Святла і супольнае служэнне.

Гэта былі цудоўныя некалькі дзён, якія прынеслі кожнаму з нас нешта сваё і паказалі, што ўсё ж такі і дзяўчаты здольныя з мужнасцю пераадольваць любыя перашкоды.

Дыяна Пецкелюн, Гомель

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian