Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Вясеннік мінскага звяза Святой Барбары 2017

Падчас «доўгіх» выходных 7-9 мая можна было б паляжаць на канапе з кнігай у руках ці пасядзець за камп’ютарам, ці прыдумаць яшчэ шмат варыянтаў таго, чым можна было б заняцца. Мінскія скаўткі абралі ў гэтыя выходныя прыгоду пад дэвізам «Свабода ў Хрысце, роўнасць прад Богам, скаўцкае братэрства». Мы правялі вясеннік у горадзе Ганцавічы, што недалёка ад Баранавіч. Нашае падарожжа пачалося ў Мінску. Адлегласць ад Мінска да Баранавіч мы пераадолелі на вельмі камфартабельным цягніку бізнэс-класу. Па словах скаўтак, першым невялікім выпрабаваннем для іх стала паездка ў дызельным цягніку «Баранавічы – Ганцавічы». Гэты цягнік не быў такім зручным, як папярэдні.

Наш вясеннік распачаўся канферэнцыяй «Я – дачка Бога», дзе мы ўсе разам разважалі над урыўкамі з Бібліі. А ўвечары кап’ё «Вавёрка» запрасіла ўсіх на вечаровае вогнішча з тэмай «Нотр-Дам дэ Пары або як святкуюць дзень смеху ў розных краінах». Атмасфера вогнішча перанесла нас ў Парыж; усе мы сталі крышачку французамі, хоць і на адзін вечар.

Раніца прывітала нас добрым надвор'ем. Новы дзень распачаўся Імшой у касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй Святой Альжбеты. А пасля скаўтак чакала сапраўдная прыгода – мы накіраваліся ў лес! На месцы нас чакалі прыгожыя мясцовыя краявіды, паляўнічая амбона, а таксама бярвенні для піянеркі. Першая палова дня прайшла ў клопатах аб будоўлі стала: спачатку трыногі, пасля пляценні, затым фотасесія каля стала… Пабудаваўшы частку піянеркі, мы прыпыніліся на Евангелічную гадзіну, падчас якой разважалі на тэму чыстасці намераў. Пасля абеду, які, дарэчы, быў вельмі смачным, мы крыху пабавіліся. Пасля сядзелі каля вогнішча, елі каўбаскі, расказвалі анекдоты. Увесь гэты час нас атачала чароўная прырода: лес, балота, палянка… На заканчэнне дня мы падзякавалі Богу за перажыты час і стомленыя накіраваліся спаць.

Раніца ізноў прыйшла нечакана, а на гэты раз прынесла яшчэ з сабой штосьці незвычайнае. Пасля сігналу пабудкі скаўткі не пабачылі ў калідоры шэфаў: на падлозе была толькі запіска. Тэкст запіскі заклікаў хуценька збірацца і вяртацца на вуліцы Парыжу. Так пачалася скаўцкая гульня. Падчас гульні трэба было знайсці асаблівае месца. Згодна з фабуйлай гульні гэта месца звязана з гісторый рамана Нотр-Дам дэ Пары. Менавіта там жыў галоўны герой рамана – Квазімода. Прыйшоўшы да званіцы касцёла, якая ў гэтай гульні стала прытулкам Квазімода, восем дзяўчат сталі ахвотніцамі, атрымаўшы ад шэфаў форму! Спадзяемся, што гэта быў толькі пачатак скаўцкага шляху, напоўненага прыгодамі і яскравымі ўражаннямі.

Цырымоніяй атрымання формы вясеннік, вядома ж, не скончыўся. Наперадзе была яшчэ спартакіяда. Скаўтак чакаў яшчэ шэраг выпрабаванняў: эстафета, перацягванне каната і іншыя спартыўныя забавы. Перамагло ў барацьбе кап’ё «Ваўчыца», якое атрымала традыцыйны «трафей» стужку для татэма кап’я.

Яшчэ адна стужка, якую можна было атрымаць падчас вясенніка – «Скаўцкі Дух». Гэты «трафей» звяза пераходзіць ад аднаго кап’я звяза да другога. Для таго, каб яго атрымаць, трэба паказаць, што кап’ё аб’яднана скаўцкім духам. На гэты раз стужку атрымала кап’ё «Сойка».

Усё мінае, мінуў і час нашай прыгоды. Мы развітваліся з Ганцавічамі вырушылі ў дарогу да чыгуначнай станцыі. На гэтым даволі кароткім шляху нас напаткалі дождж, град і нават снег. Відаць, цудоўная мясцовая прырода, а таксама гасціннасць мясцовых жыхароў не хацелі з намі развітвацца. Нас зноў чакалі імклівы грукат колаў цягнікоў, спадарожныя краявіды.

Вярнуліся ў Мінск мы стомленыя, але такія шчаслівыя (спадзяюся, скаўткі са мной згодзяцца :)! Чакаем новых прыгод! Напагатове!

Артыкул: Ганна Журко, Вольга Ляшчэвіч

Фота: а. Уладзімір Марушэўскі

 

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian