Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Скаўтынг — стыль жыцця і няспынныя прыгоды

Скаўт — гэта добры хрысціянін

Класічны скаўтынг быў заснаваны Робертам Сцівенсанам Бадэн-Паўэллам у 1907 г. у Вялікабрытаніі. Праз шэсць гадоў святар а. Жак Севін з дазволу Паўэла адаптаваў яго метад да каталіцтва. І ўжо ў 1920 г. паралельна асноўнай педагогіцы з’явілася група каталіцкіх скаўтаў. Вядома, што на тэрыторыі Расійскай імперыі скаўты з’явіліся яшчэ ў пачатку XX ст., але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі педагогіку скаўтынгу замяніў піянерскі рух, створаны на яго падабенства, але з моцным ідэалагічным ухілам.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1956 г. была створана Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE), якая мела на мэце аб’яднаць усіх скаўтаў Еўропы на падставе хрысціянства. У іншых жа супольнасцях скаўтынгу ёсць і вызнаўцы іншых рэлігій. 

У 2003 г. FSE атрымала прызнанне Апостальскай Сталіцы як прыватнай арганізацыі свецкіх. Сёння Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу існуе ў 19 краінах Еўропы і аб’ядноўвае каля 55 тысяч скаўтаў, пераважна католікаў. У Беларусі скаўты існуюць з 1989 г., калі было створана аб’яднанне беларускіх скаўтаў. 

Сёння ў парафіяльных групах Гомеля, Барысава, Мінска, Івянца, Паставаў, Лынтупаў, Глыбокага, якія практыкуюць педагогіку FSE, налічваецца каля 150–200 скаўтаў усіх узростаў.

Самая першая асацыяцыя са словам «скаўт» — гэта добры хрысціянін. Як і для ўсіх хрысціянаў, галоўная мэта кожнага скаўта — стаць святым.

Далучыцца да скаўцкай прыгоды 

Ад іншых хрысціянскіх арганізацый скаўтынг адрозніваецца сваім унікальным метадам Бадэн-Паўэлла «выхавання малодшых малодшымі». Пры гэтым адрозніваецца педагогіка сярод хлопцаў і дзяўчат.

Прататыпам скаўцкай групы была дваровая банда. Бачучы дзяцей, якія збіраюцца групамі на панадворку, Бадэн-Паўэл вырашыў накіраваць іх дзеянні ў правільнае русла (на пачатку XX ст. многія дзеці ў Англіі з-за адсутнасці грошаў не мелі магчымасці вучыцца ў школах, а былі вымушаны займацца крадзяжом, хуліганілі). 

Выхаванне праходзіць у малых групах, якія называюцца коп’ямі, і ў якія ўваходзяць хлопцы ад 12 да 16 гадоў. Кап’ё звычайна складаецца з 6–8 чалавек. Шэфам для гэтых хлопцаў з’яўляецца старэйшы сярод іх, якога называюць кап’явым. 

Скаўцкія коп’і (маленькія групы) разам утвараюць «звяз» (складаецца з трох-чатырох коп’яў). Узначальвае яго малады чалавек ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Пры гэтым «звязовы» працуе толькі з кап’явымі, а яны ўжо непасрэдна са сваёй групай. 

У прынцыпе, да скаўцкай прыгоды можна далучыца ў любым узросце. Дзеці ад 8 да 11 гадоў таксама аб’ядноўваюцца ў групы (называюцца «ваўчаняты»). Тут дзеці яшчэ толькі рыхтуюцца стаць скаўтамі. Яны жывуць па кнізе джунгляў. У зграі, якую ўзначальвае Акела, вызначаюцца таксама асістэнты «Балу», «Багіра», «Каа» і інш. У Еўропе існуюць таксама так званыя «бабры» для дзяцей 6–8 гадоў.

Для працы моладзі ад 17 гадоў існуе іншае педагогіка, а іх групы называюцца «кола» (хлопцы) і «вогнішча» (дзяўчаты). Выхаванне тут ужо не групавое, а асабістае. Кожны з іх выбірае сталага спаведніка (святар) і «апекуна шляху» (свецкі), які можа дзяліцца асабістым досведам у дарослым жыцці. Педагогіка FSE у гэтым узросце асаблівым чынам накіравана на развіццё духоўнасці і служэнне іншым. Скаўты кажуць, што вандроўніцкая педагогіка ўваходзіць праз ногі, таму гэтыя юнакі шмат пілігрымуюць і падарожнічаюць. 

Сустракаюцца скаўты (хлопцы і дзяўчыны, «ваўчаняты», «скаўты» і «вандроўнікі») пераважна на агульных святах. Галоўным з іх з’яўляецца своеасаблівае «прафесійнае» свята Дзень братэрскай думкі, які адзначаецца 22 лютага (у дзень народзінаў заснавальніка). У гэты дзень скаўты розных краінаў дасылаюць адно аднаму паштоўкі, а само святкаванне можа праходзіць у любой форме. 

Скаўты адзначаюць таксама святы ўсіх нябесных апекуноў Еўропы. А Дзень малітвы за FSE адзначаецца 25 сакавіка ва ўрачыстасць Звеставання. 

У чым сутнасць педагогікі FSE?

У скаўтынгу ёсць пяць мэтаў, выконваючы якія чалавек можа развівацца ўсебакова:

1. здароўе («у здаровым целе — здаровы дух»);

2. сэнс практычных рэчаў (кожны павінен не толькі марыць, уяўляць, але і ўмець канкрэтныя рэчы. Калі хочам паесці, то павінны ведаць, што спачатку на ежу трэба зарабіць, а пасля ўмець яе прыгатаваць і г.д. Таму выязджаем у лес, бо тут ёсць тое, што даў Бог, а іншых выгодаў няма. І мы робім усё сваімі рукамі. Скаўт павінен ведаць, што для таго, каб мець, трэба зрабіць і запрацаваць);

3. характар (імкненне выхаваць пэўныя рысы характару);

4. служэнне (браць за ўзор Хрыста. Напрыклад, штодня рабіць добры ўчынак, пры тым так, каб не атрымаць за гэта ўзнагароду);

5. Бог (кожная скаўцкая адзінка дзейнічае пры парафіі. У кожнай узроставай групы (звяза) ёсць свой душпастыр. Кандыдат у скаўты павінен быць пасля Першай святой Камуніі. Калі скаўты выязджаюць на летнікі, штодня ўдзельнічаюць у святой Імшы).

Дзяўчаты і хлопцы скаўты займаюцца ў асобных групах. Перш за ўсё гэта абумоўлена псіхалагічнымі і фізіялагічнымі адрозненнямі, але і тым, каб здолець рэалізаваць сябе цалкам, а не падзяляць працу на мужчынскую і жаночую, бо сэнс палягае на ўсебаковым развіцці. Скаўцкая педагогіка асобная для дзяўчат і хлопцаў. 

Актыўна працуюць скаўты з бацькамі. Дасылаюць бацькам лісты, фотаздымкі са скаўцкіх сустрэч. Раз на квартал робяць бацькоўскія сходы, запрашаюць іх на летнікі для таго, каб ведалі, што такое скаўтынг і чым займаюцца іх дзеці. Часам, маці нават не могуць паверыць у тое, што іх дзеці могуць прыгатаваць такія смачныя блюды. 

Скаўта пазнаеш не толькі па паходцы

Скаўты маюць сваю форму і сцяг. Апазнавальным знакам скаўтаў з’яўляецца хустка (гальштук). Кожная ўзроставая група адрозніваецца яе колерам, які выбіраюць самі скаўты. Пастаянны колер толькі ў «вандроўнікаў» (юнакоў) — карычневы, ад св. Францішка. Тое, якую функцыю выконвае скаўт 12–16 год, можна прачытаць па сімоволіцы, змешчанай над правай кішэняй. А функцыю шэфа можна прачытаць па колеры пагонаў. На левай кішэні, каля сэрца, можна ўбачыць мальтыйскі крыж (які сімвалізуе восем благаслаўленняў). Пазначаецца таксама назва адзінкі, штандар (герб).

Сцяг скаўтаў уяўляе сабой палоскі дзвюх колераў — белага і чорнага, як сімвал барацьбы паміж дабром і злом, але белага клеру больш (52%), як сімвал перамогі дабра. Лілея азначае чысціню, а таксама як арыенцір на поўнач на старажытных картах паказвае правільны кірунак — шлях да Бога. 

Скаўтынг — гэта стыль жыцця

Для мяне скаўтынг з’яўляецца стылем жыцця, тым больш, што мая жонка таксама скаўтка. І пазнаміліся мы з ёй дзякуючы скаўтынгу. Нам абодвум гэта цікава і лічым скаўцкі рух сваім служэннем у Касцёле (праз выхаванне моладзі). Хто прайшоў скаўцкую школу, той больш падрыхтаваны да жыцця і больш свядома падыходзіць да выбару жыццёвага шляху. 

Скаўцкая прысяга даецца да канца жыцця, але, зразумела, што бываюць такія перыяды ў жыцці, калі чалавек менш часу прысвячае скаўтынгу. Усё ж такі скаўтынг не галоўнае ў жыцці. На першым месцы павінен быць Бог, пасля сям’я, праца. І калі скаўтынг чамусьці з гэтага перашкаджае, то павінен адысці на далейшы план. 

Гутарыла Святлана Жылевіч

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian