Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Пілігрымка ў Гудагай у «вандроўніцкім стылі»

З 9-га па 12-га мая адбылася нацыянальная пілігрымка старэйшых скаўтаў у Гудагай да Маці Божай Шкаплернай — апякункі ўсіх скаўтаў.

Вандроўнікі (старэйшыя скаўты) належаць да парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу. Традыцыя такіх пілігрымак на Беларусі пачалася ў 2010 годзе, калі вандроўнікі (старэйшыя скаўты) вырушылі ў Росіцу. У 2012 годзе пілігрымавалі ў Вішнева, апошняе месца працы а. Уладзіслава Чарняўскага. Шлях на Гудагай таксама быў абраны не выпадкова. І пачалося падарожжа святой Імшой у прыгожым касцёле ў Солах, ў жупранскім касцёле адбылося маёвае набажэнства, ахвяраванні на будаўніцтва якога збіраў Францішак Багушэвіч (дарэчы, пахаваны ён на касцёльных могілках, і ў касцёле захавалася лава, на якой ён звычайна сядзеў падчас св. Імшы). 

У гэтым годзе нацыянальная пілігрымка сабрала вандроўнікаў з розных парафій Беларусі, а менавіта: Мінска, Гомеля, Гродна, Віцебска, Барысава, Паставаў, Лынтупаў. Таксама да нас далучыліся вандроўнікі са Львова і Золачава (Украіна), каб разам памаліцца і падзяліцца сваім вопытам. Яны прыехалі разам са сваім душпастырам грэка-каталіцкім дыяканам Кіпрыянам з ордэна айцоў базыльянаў. Цікавым госцем для вандроўнікаў стаў Б’ёрн Ларсан са Швецыі, які прыехаў, каб пераняць досвед развіцця каталіцкага скаўтынгу ў Беларусі, бо ў Швецыі на сённяшні дзень яшчэ няма каталіцкіх скаўтаў.

Гістарычнай тэмай сёлетняй пілігрымкі было паўстанне Кастуся Каліноўскага. У гэтым годзе мы адзначаем 150-годдзе з пачатку паўстання. Кожная група вандроўнікаў рыхтавала апісанне пэўнага этапу жыцця Каліноўскага і распавядала яго падчас вячэрняга вогнішча. Вогнішча для скаўтаў — месца радасці і смеху, маладыя людзі рыхтуюць сцэнкі, спяваюць гуляюць у розныя гульні. Падчас пілігрымак да вогнішча запрашаюць жыхароў бліжэйшых вёсак. Яно нават мае адмысловую назву — евангелізацыйнае вогнішча. Моладзь смяецца, спявае, моліцца і робіць гэта натуральна, без ужывання алкаголю.

Удзел у падобнай пілігрымцы дае магчымасць духоўна ўзбагаціцца праз супольную малітву, разважанне Божага слова. Адметнасцю скаўцкай пілігрымкі з’яўляецца так званы «вандроўніцкі» стыль: вялікі заплечнік з усімі неабходнымі рэчамі кожны нясе сам, ежа рыхтуецца выключна на вогнішчы, начлег у намётах, не зважаючы на надвор’е. Прычым усё гэта адбываецца ў вельмі цёплай братэрскай атмасферы. Ідзем групамі па 7-8 чалавек, кожная група можа выбіраць свой маршрут, галоўнае — быць у вызначаным месцы ў канкрэтны час.

Павел Граковіч

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian