Вандроўка скаўтак у Навагрудак стала часам пазнання кошту хрысціянскай веры

Кошт хрысціянскай веры — такой тэме была прысвечана вясновая вандроўка беларускіх скаўтак вогнішча благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай. Абраная тэма была невыпадковай, бо дзякуючы ёй скаўткі змаглі паглыбіцца ў разважаннях пра веру, бо гэты год на тое і прызначаны католікам, а таксама ўзмацніцца духам дзякуючы прыкладу благаслаўлёных зямлі беларускай, якія паказваюць кошт веры сваім святым жыццём.

Месца, у якое ішлі скаўткі разам з духоўным кіраўніком свайго вогнішча айцом Сымонам Фарайтэрам OMI, было выбрана невыпадкова: трымалі шлях у Навагрудак. Бадай кожнаму католіку, які жыве ў Беларусі, гэтае месца вядома і з'яўляецца святым: менавіта там жылі, служылі і закончылі сваё зямное вандраванне адзінаццаць сясцёр-мучаніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). Скаўткі рушылі ў свой шлях, каб прасякнуцца гэтым духам.

Курс трымалі на Баранавічы, дзе спыніліся ў гасцінных айцоў вербістаў. Затым скаўткі накіраваліся ў бок Ліды. Даехалі да Яцукоў, па дарозе сведчылі пра сябе ў цягніку, бо ва ўсіх узнікала пытанне: «Хто гэтыя дзяўчаты, апранутыя па форме і з крыжам на берэце?» Адным толькі відам скаўтка ўжо сведчыць пра веру ў Хрыста.

Выйшаўшы з цягніка ў Яцуках, нашаму позірку адкрылася прыгажосць беларускай прыроды. Прыгожы некрануты беларускі лес вітаў скаўтак. Тут ім пашчасціла зблізу паглядзець на бабра, старога жыхара беларускага лесу. 

У лесе пад адкрытым небам праходзіла Імша. Айцец падчас гаміліі разважаў пра кошт хрысціянскай веры. Гэта незабыўныя пачуцці, калі яднаешся з Езусам у Эўхарыстыі сярод створанай Ім прыгажосці ды яшчэ адчуваеш, як цябе працінае подых Духа Святога, які праліваецца лёгкім подыхам ветрыку. 

Вось якія незабыўныя ўражанні пакідае служба для скаўтаў пад адкрытым небам. Ну, і безумоўна, узмацніўшыся духоўна трэба было набрацца сілаў, каб рушыць далей. Таму самым лепшым спосабам набрацца сілаў стала вогнішча і абед, прыгатаваны на ім. 

Вырушыўшы далей, скаўткі замест прыгожай мураванай дарогі патрапілі на балота, якое прыйшлося абыходзіць уброд. Шлях пралёг праз бервяно. Экстрэмальна, весела і па-скаўцку. І вось ужо бачны хаткі — нарэшце цывілізацыя! Тут скаўтак ветліва прынялі жыхары вёскі Гагарына, якія жартуюць, што іх вёска Рыа-дэ-Гагарына і што ў ёй не горш, чым у Рыа-дэ-Жанейра. Агледзеліся навокал — незвычайная прыгажосць беларускай зямлі, і згадзіліся з жыхарамі: «Не горш, а лепш!»

Дарога клікала далей. Ідучы па ёй, скаўткі віталі пераможным гімнам Хрыста ўваскрослага кожны крыж, які сустракалі па дарозе. Заход сонца маляўніча асвяціў доўгачаканую шыльду «НАВАГРУДАК». Шчырай радасці не было межаў: «Нарэшце, дайшлі!» У гэтым старажытным мястэчку скаўтак з жартамі і ўсмешкай гасцінна прывіталі і прынялі на начлег сёстры назарэтанкі. У навагрудскім кляштары спалася асабліва добра: пэўна, гэта ад малітваў сясцёр, што жывуць у гэтым доме.

Надышла нядзеля. Прыйшоў час наблізіцца да разумення кошту веры. Скаўткі разам са сваім айцом накіраваліся на магілу да айца Войцеха Навачыха, які ў святасці служыў у Наваградку з 1956 па 1984 год, а да гэтага 6 год правёў у лагерах у Комі. Айцец Войцех быў аблатам. Так, дзякуючы свайму духоўнаму кіраўніку, айцу Сымону Фарайтэру, дзяўчаты-скаўткі даведаліся яшчэ пра аднаго святара, які з'яўляецца прыкладам веры і адданасці Хрысту. Пасля гэтага скаўткі пайшлі да месца мучаніцтва сясцёр. Вось ён прыклад веры — аддаць жыццё за іншых і быць вернымі Хрысту да канца. На месцы расстрэлу сясцёр дзяўчаты мелі гадзіну святла, падчас якой у цішыні маглі паразважаць над словам Божым і падумаць пра вялікую ахвяру, складзеную за нас Хрыстом, а таксама пра тых, хто будаваў сваё жыццё па Яго прыкладзе. На жаль, час ляцеў імкліва і надышла пара вяртацца дадому. Дзяўчаты вярталіся перамененыя, фізічна стомленыя, але духоўна ўзмацаваныя — бо змаглі наблізіцца да разумення кошту нашай хрысціянскай веры.

Наста Харкевіч