Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Асвячэнне скаўцкага цэнтра адбылося ў Івянцы

26 красавіка парафію Св. Міхала Арханёла ў Івянцы з нагоды асвячэння скаўцкага цэнтра – на сённяшні дзень адзінага ў Беларусі – наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Напачатку скаўты, скаўткі, «ваўчаняты» і «божыя кароўкі» прывіталі і павіншавалі біскупа з імянінамі на ўрачыстым шыхтаванні. 

Затым адбылося асвячэнне скаўцкага цэнтра. Павел Граковіч, генеральны камісар скаўтаў у Беларусі, падзякаваў біскупу за асвячэнне. 

З такой важнай для івянецкіх скаўтаў нагоды адбыўся традыцыйны скаўцкі абед, які гатаваўся на кастры, і гульні.

Падрабязней...

Велікапосныя рэкалекцыі скаўцкіх шэфаў прайшлі ў Лынтупах

7-8 сакавіка адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для шэфаў скаўцкага руху. 

Час Вялікага посту — гэта час умацавання, развіцця і асаблівай працы над сабою. Узрастанне ў духоўным плане не стала выключэннем і для скаўцкіх шэфаў. 

На гэты раз месцам сустрэчы сталі Лынтупы Віцебскай дыяцэзіі. Туды прыехала больш за 20 дзяўчат, каб разам плённа ўзрастаць ў веры і дзяліцца вопытам перажывання адносін з Хрыстом і служэння. 

Рэкалекцыі праводзіў кс. Павел Кнурэк — пробашч парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах. Дзяўчаты не толькі пачулі словы пра асаблівую Божую любоў і міласэрнасць, але і, дзякуючы канферэнцыям, змаглі зазірнуць у глыбіні свайго сэрца і знайсці рэчы, над якімі трэба працаваць.

Падрабязней...

Гомельскія скаўты здзейснілі зімовую вандроўку да Маці Божай Юравіцкай

3-4 студзеня дарослыя скаўты-«вандроўнікі» Першай гомельскай дружыны каталіцкіх скаўтаў святога Андрэя Баболі здзейснілі сваю зімовую вандроўку. Цэнтральным пунктам пілігрымкі была абрана вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна.

Гэтая вёска вядомая не толькі тым, што тут знайшлі самую старажытную стаянку чалавека ў Беларусі, але і цудатворным абразом Маці Божай Юравіцкай, які знаходзіўся ў адзіным на Гомельшчыне езуіцкім калегіуме і касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.

Гэты абраз шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Юравіцкі комплекс, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў Ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым манастыром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца да гэтага часу.

Падрабязней...

Каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку

28 лютага каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку пад назвай «Дзе шлях Твой?...». Пра яе распавяла правадніца вогнішча бл. Мар'яны Бярнацкай Анастасія Харкевіч.

Заўжды «Напагатове!». Такі вокліч характэрны для скаўтаў. Сапраўды, скаўт гатовы да ўсяго ў сваім жыцці, поўным прыгод і нечаканых вынікаў. Так і нашы дзяўчаты ў апошні дзень зімы 28 лютага, павінны былі быць «напагатове», каб, устаўшы вельмі рана, вырушыць у сваё чарговае вандраванне. Вандроўка гэтая была насычана не толькі прыгодамі, але і гістарычнымі асобамі. На гэты раз правадніцы вогнішча благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай адправіліся на Гродзеншчыну, але свой шлях пачалі з Мінскай вобласці.

Першым пунктам нашага вандравання была зараз ужо не такая заможная, як калісьці, вёсачка Беніца. На ўваходзе ў яе нас сустракаў магутны дуб, які ў чацвярох мы не змаглі абняць. Касцёл у Беніцах вельмі старажытны, але, на жаль, не дзейнічае. Выгляд мае заможны, што гаворыць пра веліч і непарушную веру нашых продкаў, якія фундавалі, будавалі храмы і не забываліся ў іх маліцца. На жаль, зараз у храме не чуваць гуку аргана і радаснага «Аллелюя», але хто ведае будучыню. Тэма нашай вандроўкі была «Дзе шлях Твой?...», таму мы і вырашылі паглыбіцца ў шляхі нашага Пана і пошуку таго, якая Яго воля адносна жыцця кожнай з нас.

Падрабязней...

У Гомель прыбыў Бэтлеемскі агонь

21 снежня на святой Імшы ў парафіі Нараджэння Божай Маці ў Гомелі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец прыняў з рук каталіцкіх скаўтаў Бэтлеемскі агонь. У Гомель група скаўтаў даставіла агонь ужо ў пяты раз. 

Каб даставіць Бэтлеемскі агонь да раніцы ў Гомель, скаўты адправіліся за ім у Мінск у ноч на 20 снежня, па дарозе наведваючы многія гарады — Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Жлобін, Нясвіж, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Мазыр — каб перадаць агонь. Важна было прасачыць, каб агонь у дарозе не згас, інакш давялося б зноў вяртацца за ім у Мінск. 

Усе жадаючыя могуць запаліць свае лампады пасля святых Імшаў, каб занесці агонь з Бэтлеема ва ўласныя дамы ці перадаць родным. У касцёлах агонь прабудзе да праваслаўнага Божага Нараджэння (7 студзеня), каб перадаць яго братам па веры.

Падрабязней...

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian