Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Бэтлеемскі агонь прывіталі ў мінскай архікатэдры

21 снежня ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прыбыў Бэтлеемскі агонь. Ва ўрачыстай цырымоніі прыбыцця агню прыняў удзел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 

Пасля ўнясення агню ў святыню распачалася святая Імша, якая завяршала трохдзённыя адвэнтавыя рэкалекцыі ў архікатэдральнай парафіі. Рэкалекцыі ў гэтым годзе праводзіў кс. Дзмітрый Пухальскі. 

Пасля ўсталявання Бэтлеемскага агню перад алтаром са словам да вернікаў звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў скаўтам за тое, што ўжо чарговы раз яны прынеслі агонь у сталіцу Беларусі. Паводле слоў арцыпастыра, прынясенне Бэтлеемскага агню перад Божым Нараджэннем стала добрай традыцыяй, якая ажыццяўляецца дзякуючы служэнню скаўтаў.

Таксама Мітрапаліт распавёў прысутным аб сімволіцы і гісторыі пілігрымавання Бэтлеемскага агню. Арцыбіскуп адзначыў, што агонь называецца агнём міру і што запаленая свечка з'яўляецца сімвалам Хрыста.

«Сёння мы дакранаемся да агню, які прыбыў да нас з Бэтлеема, дзе цела сталася хлебам і дзе Сын Божы стаўся чалавекам. Бэтлеемскі агонь называецца Святлом міру і запальваецца ў Гроце Нараджэння Езуса Хрыста ў Бэтлееме. Бэтлеемскае Святло міру з’яўляецца сімвалам цеплыні, любові, міру і надзеі. Традыцыйна яго ставяць на вігілійным стале», — распавёў іерарх.

Арцыпастыр нагадаў, што калісьці нават падчас вайны на Божае Нараджэнне ваюючыя бакі аб’яўлялі перамір’е.

Падрабязней...

Бог дае дары, чакаючы нашага адказу: дзяўчаты «вандроўніцы» распачалі новы скаўцкі год

Распачаўся скаўцкі год для дзяўчат «вандроўніц» агульнабеларускага «вогнішча» шэфаў, апякункай якога з’яўляецца святая Рыта. Вандроўка «Будслаў – Даўгінава – Крывічы» адбылася 11–12 кастрычніка.

У вандроўцы на тэму «І спазнаеце праўду і праўда вас вызваліць» прымалі удзел дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: Гомеля, Гродна, Мінска, Івянца — у цэлым 10 чалавек разам з айцом Сымонам Фарайтэрам OMI.

Скаўцкая фармацыя ў гэтым годзе прапаноўвае шэфам звярнуцца спачатку да самой сябе і запытацца: «Які я шэф?» — з гэтым пытаннем прыйсці да Езуса, аддаць праз рукі Марыі ўсё, што маеш: радасці, перажыванні, мары, служэнне, якое кожная скаўтка-шэф нясе ў сваёй парафіі. 

Цікавым было тое, што падчас шляху Бог благаславіў не толькі надвор’ем, якое было цудоўным, але і людзьмі, якія сустракаліся ў вёсках і па дарозе. Яны радасна і са здзіўленнем пыталіся ў дзяўчат «вандроўніц», хто яны і куды ідуць, а некаторыя і частавалі яблыкамі. 

Падрабязней...

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы «Еўраджэм»

Маліцца за мір і не баяцца бараніць хрысціянскія каштоўнасці заклікаў Папа Францішак удзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Еўраджэм”, якая 3-10 жніўня 2014 г. праходзіць у французскай Нармандыі. У форуме прымаюць удзел каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат з амаль 20 краін Еўропы, у тым ліку з Беларусі. У беларускую дэлегацыю ўваходзяць скаўты з Барысава, Гомеля, Гродна, Івянца, Лынтупаў, Паставаў.

Сёлетні форум прымеркаваны да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзя гістарычнай высадкі саюзніцкіх войскаў на паўночным беразе Францыі. Агульнаеўрапейская скаўцкая сустрэча “Еўраджэм” праходзіць раз на дзесяць гадоў.

Падрабязней...

Папа да скаўтаў: Вы павінны дапамагчы жыццю заквітнець

Свету патрэбна адважная моладзь, якая мае перад сабой гарызонт, да якога трэба ісці. На пенсію пойдзеце ў 65 гадоў, - з такімі словамі 10 жніўня 2014 г. Папа Францішак звярнуўся да амаль 30 тысяч удзельнікаў італьянскай сустрэчы скаўтаў. Святы Айцец скіраваў пасланне да юнакоў і дзяўчатаў, сабраных у мястэчку Сан-Разорэ недалёка ад Пізы дзякуючы тэлефоннай сувязі.

Паводле Пантыфіка, свет мае патрэбу ў моладзі, якая заўсёды ідзе наперад і не спыняецца. “Гэта будзе ваша заданне – дапамагчы змяніць свет, зрабіць яго лепшым”, - сказаў Папа і заклікаў ісці да гэтай мэты, карыстаючыся праўдай, дабрынёй і прыгажосцю, якія атрымалі ад Бога.

“Не бойцеся, не дазвольце скрасці ў вас надзею. Жыццё належыць вам! І вы павінны дапамагчы яму заквітнець, прынесці плёны для ўсіх”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Крыніца: catholic.by

Скаўты з Беларусі вырушылі на «Еўраджэм»

Раніцай 30 ліпеня 2014 года 190 скаўтаў з розных куткоў Беларусі сабраліся разам у Гродне і распачалі святой Імшой свой шлях на «Еўраджэм» — сустрэчу скаўтаў Еўропы, якая адбываецца раз на 10 гадоў. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сёлетняя сустрэча «Еўраджэма» адбудзецца ў Нармандыі (Францыя), недалёка ад мястэчка Лізьё, дзе нарадзілася добра вядомая беларусам святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, і пройдзе пад дэвізам “Прыйдзіце і ўбачце!”. 

Свой першы начлег скаўты правялі ў гістарычнай сталіцы Польшчы – Гнезна. Адным з галоўных кірункаў асабістага развіцця скаўтаў з’яўляецца духоўнасць, таму кожны дзень яны сустракаюцца разам на святой Імшы. 

Падрабязней...

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian