Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Біскуп Казімір Велікаселец благаславіў «ваўчанят» — дзяцей, прынятых на першую прыступку скаўтынгу

6 ліпеня ў Гомельскай скаўцкай дружыне імя святога Андрэя Баболі Федэрацыі скаўтаў Еўропы афіцыйна з’явіліся першыя «ваўчаняты» — самыя малодшыя дзеці, якія прыняты на першую прыступку скаўтынгу. Стаць сапраўднымі скаўтамі яны змогуць па спаўненні 12 гадоў.

Некалькі месяцаў да прыняцця ў «ваўчаняты» хлопчыкаў рыхтаваў «акелла» Уладзіслаў Васілеўскі.

Падрабязней...

Служэнне ў Будславе

Калі вы ў гэтым годзе наведалі Будслаў, то, напэўна, заўважылі хлопцаў і дзяўчат з бела-сінімі парасонамі. Знаёмцеся – гэта скаўты Еўропы ў Беларусі. Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, ужо знаёмы з гэтым рухам, а хтосьці яшчэ не.

Галоўныя цноты скаўтаў і скаўтак

Галоўныя цноты скаўта і скаўткі – шчырасць, ахвярнасць і чысціня. Калі распавядаць пра Будслаў праз шкло скаўцкага руху, то, па-першае, гэтая ўрачыстасць з’яўляецца менавіта добрай нагодай для служэння, якое мае сваёй падставай гэтыя галоўныя цноты. У гэтым годзе падчас будслаўскіх урачыстасцяў неслі служэнне 45 прадстаўнікоў скаўцкага руху. Некаторыя з іх прыехалі ў Будслаў, але большасць з іх брала ўдзел у пешых пілігрымках. 

Скаўцкае “так”

Скаўты з Гомеля далучыліся да пілігрымкі з Маладзечна, з Івянца - да Баранавічаў, з Барысава - да Жодзіна і з Мінска - да Віцебска. Я, напрыклад, далучалася да пілігрымкі “Віцебск-Будслаў”, і з уласнага вопыту магу сказаць, што служэнне пачынаецца не толькі каля брамаў будслаўскай святыні. Яно пачынаецца з гатоўнасці да гэтага служэння з першага кроку ў пілігрымцы. Калі скаўт кажа: “Напагатове!”, ён кажа сваё “так” на кожную справу, якую мае здзейсніць. 

Падрабязней...

Бэтлеемскі агонь прыбыў у Мінск

21 снежня ў Мінск прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі беларускія скаўты. У 18 гадзін агонь урачыста ўнеслі ў мінскі архікатэдральны касцёл, у 19 гадзін — у касцёл святых Сымона і Алены. У абедзвюх святынях агонь сустрэлі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, духавенства і вернікі.

Мітрапаліт падзякаваў скаўтам за актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, асабліва падчас розных знакавых урачыстасцяў, і за тое, што ў чарговы раз яны прывозяць Бэтлеемскі агонь у нашу краіну. Гэтым самым, па словах іерарха, яны дапамагаюць вернікам лепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, бо «набліжаюць нам далёкі Батлеем – месца нараджэння Збаўцы».

Падрабязней...

Біскуп Казімір Велікаселец сустрэў Бэтлеемскі агонь у Гомелі

З Мінска, куды Бэтлеемскі агонь прыбыў 21 снежня, скаўты развезлі агонь амаль ва ўсе рэгіёны краіны. У гомельскую парафію Нараджэння Божай Маці агонь урачыста ўнеслі на нядзельнай святой Імшы 22 снежня. Яго сустрэў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Ужо чацвёрты год агонь у Гомель дастаўляе група парафіяльных скаўтаў.

Каб паспець раздаць агонь вернікам, скаўты адправіліся за ім раніцай у суботу, запалілі сваю лампаду ў мінскай архікатэдры і па дарозе ў Гомель заехалі ў іншыя гарады, каб перадаць святыню ў мясцовыя касцёлы, - Мар'іну Горку, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Светлагорск, Рэчыцу. Важна было прасачыць, каб агонь у дарозе не згас, інакш давялося б зноў вяртацца за ім у Мінск.

У Гомелі ўсе жадаючыя могуць падпаліць свае лампады пасля службаў, каб занесці агонь ва ўласныя дамы або перадаць родным.

Крыніца: catholic.by

Бэтлеемскі агонь дастаўлены ў Гродна

20 снежня ў Гродна прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі з беларуска-польскай мяжы скаўты. У гродзенскім катэдральным касцёле яго сустрэў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На вітанне агню прыбылі скаўты з розных месцаў Беларусі, каб адвезці яго ў свае святыні. Сабраліся таксама вернікі Гродна, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, каб ён нагадваў аб Уцелаўленні Божага Сына.

Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой, кажучы пра сустрэчу Бэтлеемскага агню, сказаў: “Гэта вялікая радасць, і жадаю, каб агонь Божай любові і супакою загарэўся ў нашых сэрцах”. 

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Аляксандр Яшэўскі. “Не ведаю, ці заўважылі вы, але сёння ў вачах сабраных у гэтай катэдры была якаясьці незвычайная радасць, - сказаў святар. – Вочы многіх заіскрыліся дзіўным бляскам, на вуснах з’явілася ўсмешка радасці. Што стала прычынай гэтага? Напэўна, вялікую радасць у нашых сэрцах запаліў сам Пан Езус. Да нас прыбыў агонь з Бэтлеема – месца, дзе нарадзіўся Езус. Уявіце, якія мы шчаслівыя, бо мы сталі тымі, якія ўбачылі гэтае бэтлеемскае святло”. 

Падрабязней...

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian