НАМАГАЛІСЯ СХАПІЦЬ ЯГО, АЛЕ ЁН УХІЛІЎСЯ АД РУКІ ІХНЯЙ
Пятніца — V Тыдзень Вялікага посту
Ян 10, 31–42
Юдэі зноў узялі камяні, каб укаменаваць Езуса. Але Езус сказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?
Юдэі адказалі Яму: Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам.
Езус адказаў ім: Ці не напісана ў Законе вашым «Я сказаў: вы багі»? Тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга парушыць. То чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: Блюзнерыш, – за тое што Я сказаў: Я Сын Божы? Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ўва Мне, а Я ў Ім.
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй і пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян. І заставаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі: Ян не ўчыніў ніводнага цуду, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай. І шмат хто паверыў там у Яго.
Учынкі Езуса былі згодны з Яго словамі. Аднак большасць людзей гэтага не заўважыла, таму ўзялі камяні і нават хацелі забіць Езуса. Гэта паводзіны сляпога нячулага сэрца, якое не заўважае сапраўднага дабра.
Езус вяртаецца за Ярдан, у тое месца, дзе некалі цудоўным чынам прагучалі словы: “Гэта мой Сын умілаваны, Яго слухайце”. Езус нібы спасылаецца на сведчанне самога Бога Айца.
Кс. Андрэй Шут
- Hits: 1052