Гісторыя беларускага скаўтынгу
Памежнае геаграфічнае становішча нашай краіны адыграла вялікую ролю ў з’яўленні і развіцці скаўтынгу на Беларусі. У нашу краіну скаўтынг прыйшоў з аднаго боку з Польшчы, з іншага – з Расіі. З 1912-га году ў Гомелі, а з 1917-га году пад Гародняй існавалі скаўцкія дружыны. Пасля 1921-га году пачалі дзейнічаць скаўцкія адзінкі ў Клецку і Нясвіжы. Троху пазней скаўты з'явіліся ў Крэве, Баранавічах, Барунах і Вільні. У 1922-м годзе скаўтынг – забаронены. У 1926-м годзе адбыўся масавы арышт скаўтаў, лідэры скаўцкага руху былі сасланы на Салаўкі, частка ўдзельнікаў скаўцкага руху міграравала ў Англію, Германію, Францыю і Аўстрыю.
Актыўную працу са скаўтамі да І сусветнай вайны ў Вільні праводзіў а. Ян Станкевіч, ён падымаў беларускі дух і імкнуўся да захавання беларускай мовы і культуры. У Вільні дзейнічала чатыры дружыны. З 1926-га па 1929-ты ў Віленскай гімназіі паўстала і актыўна дзейнічала жаночая галіна «Сёсты агню».
Пасля Другой сусветнай вайны было ўтворана Згуртаванне беларускіх скаўтаў чужыны (ЗБСЧ), якое дзейнічала з 1945-га па 1951-ы гады ў Германіі. Дзякуючы гэтай арганізацыі была захавана традыцыя беларускага скаўтынгу, якая стала падставай і цвёрдым падмуркам аднаўлення скаўцкага руху ўжо ў наш час.
Гісторыя паўстання парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE), звязана галоўным чынам з двума святарамі – грэка-каталіцкім айцом Андрэем Абламейкам і рыма-каталіцкім айцом з ордэну дамініканцаў Браніславам Дашкевічам.
Яшчэ будучы дыяканам, а. Андрэй Абламейка актыўна ўдзельнічаў у душпастырстве скаўтаў АБС (Аб'яднанне беларускіх скаўтаў): евангелізаваў, праводзіў катэхэзы, удзельнічаў у летніках. Ён імкнуўся даказаць, што вера для скаўтаў гэта не проста фармальная справа, а падмурак скаўтынгу і яго развіцця. Але пасля таго, як АБС вызнала веру фармальнай рэччу, а. Андрэй восенню 1999-га года сабраўшы некалькі католікаў рымскага і бізантыйскага абрадаў, абвясціў стварэнне Аб'яднання Хрысціянскіх Скаўтаў «Гайсак». Адбылося гэта ў грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбца ў горадзе УуМаладзечна.
У 2000-м годзе аб'яднаная рада сустрэлася з афіцыйным прадстаўніком FSE Ларанам Валю. Айцец Андрэй узгадвае: «Падчас сустрэчы Ларан распавядаў гісторыю станаўлення і развіцця скаўтынгу FSE, пра дзейнасць федэрацыі, аб каталіцкім падыходзе да скаўтынгу слугі Божага а. Жака Сэвэна SJ, пра асаблівасці педагогікі скаўтаў Еўропы». Рада пастанавіла далучыцца да еўрапейскага скаўтынгу і 3-га снежня 2000-га года некалькі хлопцаў і дзяўчат склалі Прырачэнне, гэтую падзею можна лічыць пачаткам каталіцкага скаўтынгу на Беларусі.
Зімой 2001-га года адбылася афіцыйная сустрэча дэлегацыі беларускіх скаўтаў з кіраўніцтвам ZHK (Związek Harcerstwa Katolickiego) «Zawisza» у Любліне. У гэтым жа ж годзе адбыўся навучальны летнік для скаўцкіх шэфаў на возеры Свір і неўзабаве ў грэка-каталіцкай парафіі св. Язэпа ў Мінску паўстала два звязы – звяз скаўтаў імя благаслаўлёных пратулінскіх мучанікаў і звяз скаўтак імені св. Барбары. Летам скаўты прынялі ўдзел у пілігрымцы з Віцебска ў Полацк, а таксама адбыўся скаўцкі летнік на рацэ Нарачанка, у якім прыняло ўдзел 60 дзяўчат і хлопцаў з Беларусі і Украіны.
У жніўні 2003-га года скаўты і скаўткі з Беларусі прынялі ўдзел у Еўраджэме (злёт усіх скаўтаў, якія належаць да FSE), які адбыўся ў Польшчы. Удзел у гэтым мерапрыемстве прыняло 44 асобы з Беларусі. На апошнім Еўраджэме ў 2014-м годзе, які адбыўся ў Францыі, Беларусь прадстаўлялі ўжо 187 скаўтаў і скаўтак.
Еўраджэм даў асабліва моцны штуршок для развіцця скаўтаў і скаўтак з Барысава. Ужо ў 2005 г. пасля паездкі шэфаў на «Святы Крыж» (штогадовая польская нацыянальная вандроўка) было заснавана першае кола вандроўнікаў (чырвоная галіна) і праведзены першыя самастойныя летнікі. У 2006–2007 гг. у хлопцаў з’явілася першая ў Беларусі дружына, якая складалася са зграі ваўчанят, звяза скаўтаў і кола вандроўнікаў. У іншых гарадах распачаты скаўтынг перажываў заняпад, таму Барысаў стаў на некалькі год цэнтрам скаўцкага жыцця ў Беларусі.
Барысаўскія скаўты актыўна дзейнічалі і на міжнародным ўзроўні: у 2007 г. яны былі на «Маёвых забавах» ў Польшчы, у 2008 г. правялі супольны летнік з Люблінскім звязам, а ў 2009 г. вандроўнікі з Барысава выправіліся на міжнародную вандроўку ва Ўкраіну.
У 2008 г. каталіцкія скаўты і скаўткі ўпершыню прынялі ўдзел у новым служэнні для Беларусі — развозілі Бэтлеемскі агонь па парафіях. Спачатку было толькі некалькі парафій і маршрутаў, цяпер скаўты і скаўткі развозяць агонь па большасці парафій Беларусі.
Пасля амаль 9-ці гадоў вывучэння каталіцкага скаўцкага метаду, актыўнага ўдзелу ў навучальных курсах і дынамічнага развіцця каталіцкага скаўтынгу ў Беларусі на Федэральнай радзе ў 2009 г. у Шато-Ландоне (Францыя) каталіцкім скаўтам і скаўткам з Беларусі быў афіцыйна нададзены статус «назіральніка ФЕС», а таксама былі абраны першыя генеральныя камісары: Павел Граковіч і Вольга Гарашэвіч. Гэта дало новы імпульс да развіцця і, дзякуючы энтузіязму новых генеральных камісараў, якіх падтрымліваў тагачасны федэральны камісар Збігнеў Мінда, пачалі з’яўляцца новыя скаўцкія асяродкі. У 2010 г. быў праведзены першы агульнабеларускі курс кап’явых, запрашэнне на які атрымалі ўсе беларускія каталіцкія парафіі. На курсе былі хлопцы з Івянца, Мінска, Лынтупаў, Паставаў, Гомеля і Гродна. Пасля курса актывізаваліся звязы ў Лынтупах і Паставах, з’явіліся новыя скаўцкія асяродкі ў Івянцы і Гомелі, а ў 2012 г. — у Гродне.
Таксама ў 2010 г. прадстаўнікі беларускіх скаўтаў удзельнічалі ў сустрэчы шэфаў усходняй Еўропы. Вандроўнікі і шэфы ў тым жа годзе выправіліся на першую нацыянальную вандроўку ў Росіцу.
2011 г. быў не менш багатым на падзеі. У івянецкім звязе быў абраны звязовы (дагэтуль звязам займаўся генеральны камісар), быў таксама праведзеныкурс кап’явых, навучальны курс для шэфаў і агуль набеларускі летнік (каля Івянца). Улічваючы высокія тэмпы росту нашага згуртавання, у 2011 г. на федэральнай радзе ў Мадрыдзе каталіцкім скаўтам
і скаўткам з Беларусі быў нададзены чарговы статус «кандыдат ФЕС».
У 2013 г. у Барысаве адбыўся першы нацыянальны Дзень братэрскай думкі (ДБД). Удзельнічала каля 100 чалавек: звязы з Лынтупаў, Барысава, Паставаў і Івянца, мінскае кола правадніц, а таксама ваўчаняты і божыя кароўкі. На ДБД прысутнічалі французскі пасол Мішэль Рэнеры, нямецкі пасол Вольфрам Маас і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
У тым жа годзе скаўты ўпершыню прымалі ўдзел у Будслаўскім фэсце. З цягам часу фармат удзелу змяняўся. Калісьці ў парку каля касцёла падчас фэсту быў арганізаваны сапраўдны скаўцкі лагер: ставіўся вялікі намёт, будавалася піянерка. Зразумела, гэта выклікала здзіўленне і адначасова прыцягвала людзей бліжэй да скаўцкага лагера. Дзякуючы гэтаму скаўты розных адзінак мелі магчымасць сустрэцца, падзяліцца ўражаннямі, досведам, а таксама знайсці тых, хто зацікавіцца рухам.
У Будславе скаўты і скаўткі традыцыйна выконваюць функцыю службы парадку падчас Імшаў і набажэнстваў, арганізоўваюць праходы, дапамагаюць у каардынацыі працэсіі і ўдзяленні святой Камуніі.
На чарговым Еўраджэме ў 2014 г. у Францыі Беларусь прадстаўлялі ўжо 187 скаўтаў і скаўтак з Івянца, Гомеля, Барысава і Гродна.
У 2015 г. на асамблеі былі абраныя новыя генеральныя камісары: Павел Бельскі і Юлія Чарніцкая. Распачалася новая эпоха скаўтынга, якая адрознівалася ад папярэдняй. У тым жа годзе быўтправедзены агульнабеларускі Дзень братэрскай думкі ў Івянцы.
Важнай падзеяй стала скаўцкая пілігрымка ў 2016 г., якая праходзіла пад дэвізам Ad Mariam Europa, ad Mariam Belarus (Да Марыі Еўропы, да Марыі Беларусі). Пілігрымка стала часткай ScoutEuropeTour — акцыі, прысвечанай 60-годдзю ФЕС. У межах гэтай акцыі па краінах Федэрацыі пілігрымаваў асаблівы сімвал. Сімвал прыбываў у Беларусь акурат перад Будслаўскімі ўрачыстасцямі, што нарадзіла ідэю пілігрымкі і якая была прымеркавана да 15-годдзя каталіцкага скаўтынга ў Беларусі. Пачыналася пілігрымка з возера Свір, на якім у 2001 г. праходзіў першы летнік каталіцкіх скаўтаў. Атрымалася спалучыць пілігрымку разам са скаўцкім метадам і кап’явой сістэмай: былі вогнішчы, рады, кулінарны конкурс і ВСГ. У пілігрымцы ўдзельнічала 120 чалавек.
Таксама ў 2016 г. старэйшыя скаўты, вандроўнікі і правадніцы з Мінска, Гомеля, Івянца і Гродна разам саскаўтамі з іншых краінаў удзельнічалі ў служэнні ў якасці валанцёраў на сусветных днях моладзі ў Кракаве. Восенню 2017 г. гродзенскі звяз
хлапцоў прысутнічаў на міжнародным кап’і кап’явых у Венецыі (Італія). Скаўты некалькі дзён перажывалі прыгоды і ВСГ, пасябравалі са скаўтамі з Італіі і Славакіі.
У 2018 г. скаўты ажыццяўлялі сваё служэнне ў дыяцэзіяльных днях моладзі ў Навагрудку і Гродне. Летам адбыўся так званы «Беладжэм» — супольны летнік усіх звязаў хлопцаў пад Івянцом. Быў заснаваны мінскі звяз імя Яна Паўла ІІ пад кіраўніцтвам генеральнага камісара Паўла Бельскага.
Восенню 2018 г. адбылося міжнароднае кап’ё кап’явых у Страсбургу (Францыя), на якое быў дэлегаваны івянецкі звяз.
У 2019 г. вандроўнікі і правадніцы адправіліся на Еўрамут-2019 у Рым, дзе іх чакала сустрэча з папам Францішкам і
святая Імша ў базыліцы святых Пятра і Паўла. Удзельнічала з Беларусі каля 30 чалавек: колы вандроўнікоў і правадніц
з Мінска, Івянца, Гомеля, Гродна і Барысава.
Таксама ў 2019 г. 12 скаўтаў Першага івянецкага звяза імя св. Францішка былі запрошаны на сумесны летнік
з французскімі скаўтамі пры бэнэдыктынскім кляштары ў Палендрай (Літва). На заканчэнне летніка два звязы паядналіся братэрскім духам, французскі звяз ахвяраваў беларускаму частку свайго рыштунку.
Але самая важная падзея для беларускага скаўтыгу адбылася на федэральнай радзе, якая у 2019 г. пастанавіла прыняць Беларусь у ФЕС як паўнавартаснага чальца Федэрацыі. На гэта было затрачана 18 гадоў складанай працы, але мэта была дасягнута.
2020 г. стаў сапраўдным выпрабаваннем для скаўтынгу, якое не ўсе звязы здолелі вытрываць. Падэмія сovid-19 паставіла шмат перашкодаў у функцыянаванні скаўтынгу. Радай было пастаноўле на адмовіцца ад частых і масавых сустрэч, спраба-
ваць выкарыстоўваць анлайн фарматы, але усё ж праводзіць выезды і зборкі.
Нягледзячы на выпрабаванні, скаўтынг працягвае існаваць і пашырацца. У 2021 г. на асамблеі былі абраныя новыя генеральныя камісары і чальцы рады. Былі праведзеныя курсы звязовых для дзяўчат на летніку ў 2022 г., сустрэчы RS-аў.
У 2021 г. былі выдадзены дзве кнігі: «Маўглі» для ваўчанят і «Цырыманіял».
У 2023 г. адбыўся агульнабеларускі Дзень братэрскай думкі. Удзельнічала прыкладна 90 асобаў. Была агульная святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Фабулай ВСГ былі «пошукі скарба для маладога паніча», адбыўся агульны
курс для кап’явых. Завершылася свята вогнішчам, якое праводзілі шэфы, а таксама смачным тортам Вынікам ДБД стала адноўленае пачуццё еднасці ўсіх каталіцкіх скаўтаў Беларусі.
У 2024 годзе была выдадзена кніга "Сцежка Божай кароўкі" для самых маленькіх скаўтачак і "Умеласці" для скаўтак і скаўтаў зяленага адгалінавання. Таксама плануецца выданне кніг "Крокі" для скаўтаў і "Наперад" для скаўтак.
Зараз парафіяльныя групы, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE) ў Беларусі, налічваюць больш за 400 чалавек, якія актыўна дзейнічаюць і развіваюцца ў гарадах і мястэчках Беларусі.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы працы Сяргея Раюнца "Duszpasterstwo skautingu katolickiego Europejskiego FSE na Bialorusi w latach 2000-2010 na przykladzie parafii Minskiej pod wezwaniem sw. Jozefa"
