Бэтлеемскі агонь дастаўлены ў Гродна

20 снежня ў Гродна прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі з беларуска-польскай мяжы скаўты. У гродзенскім катэдральным касцёле яго сустрэў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На вітанне агню прыбылі скаўты з розных месцаў Беларусі, каб адвезці яго ў свае святыні. Сабраліся таксама вернікі Гродна, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, каб ён нагадваў аб Уцелаўленні Божага Сына.

Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой, кажучы пра сустрэчу Бэтлеемскага агню, сказаў: “Гэта вялікая радасць, і жадаю, каб агонь Божай любові і супакою загарэўся ў нашых сэрцах”. 

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Аляксандр Яшэўскі. “Не ведаю, ці заўважылі вы, але сёння ў вачах сабраных у гэтай катэдры была якаясьці незвычайная радасць, - сказаў святар. – Вочы многіх заіскрыліся дзіўным бляскам, на вуснах з’явілася ўсмешка радасці. Што стала прычынай гэтага? Напэўна, вялікую радасць у нашых сэрцах запаліў сам Пан Езус. Да нас прыбыў агонь з Бэтлеема – месца, дзе нарадзіўся Езус. Уявіце, якія мы шчаслівыя, бо мы сталі тымі, якія ўбачылі гэтае бэтлеемскае святло”. 

Святар выказаў надзею, што гэты агонь запаліцца таксама на вігілійных сталах, “калі ўсе мы будзем святкаваць радасць Божага Нараджэння”, і пажадаў, каб Бэтлеемскі агонь “запаліўся ў нашых сэрцах, нашай душы, і каб мы ўмелі дзяліцца ім з іншымі – сваімі роднымі, блізкімі, сябрамі і тымі, хто не мае радасці”.

Святар заклікаў вернікаў маліцца, каб надзея “ніколі не згасла ў сэрцах”.

Пасля Імшы скаўты з розных гарадоў узялі Бэтлеемскі агонь, каб завезці яго ў свае парафіі. Жыхары Гродна запалілі ад агню свечкі, каб такім чынам агонь з месца Нараджэння Пана трапіў у іх дамы.

21 снежня ў 18 гадзін агонь будзе дастаўлены ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а ў 19 гадзін – у парафію Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлета гэта словы: "Выйдзі з ценю. Пакажы дабро!" Гэта заклік стаць лепшым, запрашэнне да працы над сабой, да патрабавання большага ад сябе, бо толькі сапраўдны прыклад цягне за сабой іншых.

Традыцыю распасюўджвання Бэтлеемскага агню пачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь прыбывае ў Беларусь у чатырнаццаты раз.

Крыніца: catholic.by

Усе правы абаронены © 2022