Дзённік маладога: Вандроўка заўсёды прыносе добры плён для вандроўнікаў, асабліва для маладых
І зімовую вандроўку правялі разам шэфы кола Барысаўскай дружыны з новапрынятымі маладымі вандроўнікамі па шляху Першамай-Івянец-Камень.
Па дарозе да Першамая спатыкалі вельмі цікавыя будынкі. І адным з будынкаў была “Паляўнічая сядзіба пана”. Каля яе адбылася канферэнцыя, якую правёў шэф кола маладых Аляксандр Малец. Падчас гэтай канферэнцыі ён адзначыў, што вельмі занепакоены развіццём і павялічваннем маладых вандроўнікаў у Барысаве. Каб не было так: “Нічога не знаю – мая хата з краю”. Каб усе былі разам адно.
Далей адбылося прызначэнне новага шэфа кола маладых вандроўнікаў Аляксандра Мальца і прызначэнне новых вандроўнікаў Станіслава Ігнатовіча і Антона Доўнара. На жаль, пайшло нас толькі двое.
Наступным прыпынкам быў Івянец, дзе нас вельмі па-братэрскі сустрэў ксёндз Лех. Крыху мерапрыемстваў – і надышоў вечар.
І вось вынікі дня: надвор’е спрыяла, настрой вельмі класны, стомленасць прысутнічала, але незаўсёды.
Далей чакаў другі дзень. Спачатку адбылася Святая Імша, сняданне. Пра шлях можна сказаць так: “Выйшлі вясной – прыйшлі зімой…” Гэта нас так сустрэла надвор’е – па-зімоваму снежна.
Але нягледзячы на вялікі снег, мы дайшлі да апошняга прыпынку – Каменя. На заканчэнне вандроўкі адбылося шыхтаванне.
Калі дакрануцца маіх уражанняў, то вандроўка - гэта вельмі цікава. Шмат ішлі па лесе. І гэта і ёсць увесь смак, што ты ідзеш па лесе і ні аб чым не думаеш, акрамя Бога і свайго жыцця. Вельмі класны склаўся калектыў. Калі ідзе шмат людзей, асабліва шэфаў, заўсёды ёсць аб чым пагаманіць і падзяліцца.
Вандроўка не можа прынесці дрэнны плён, а зусім наадварот. Вандраванне – гэта час, каб больш пазнаць і даверыцца Богу, каб зразумець сябе, а асабліва, які твой сэнс жыцця, і ўвогуле чаго прагну, і чаго чакаю…
Малады вандроўнік Барысаўскага кола вандроўнікаў
Антон Доўнар
Відэа: Віталь Кажэўнікаў