Дзень братэрскай думкі ў Гродна

27 лютага Скаўцкае асяроддзе ў Гродна адсвяткавала Дзень Братэрскай Думкі.

Традыцыйнае свята Дня Братэрскай Думкі святкуецца з 1926г. Яшчэ так званае  свята сяброўства ўспамінаецца 22 лютага праз усіх скаўтаў на ўсім свеце. У далёкім 1857 г. 22 лютага ў раёне Лондана — Падзінгтон нарадзіўся Роберт Стывенсан Сміт Паўэл, генерал, пісьменнік, заснавальнік скаўтаў. Менавіта таму федэрацыя Скаўтаў Еўропы абрала гэты дзень за час святкавання.

У горадзе над Нёманам Дружына Св. Гэрарда Майеллы святкуе ДБД чацвёрты раз, а кожны з іх асаблівы непадобны да папярэдняга.

Дзень пачаўся з добрага сонечнага надвор’я і ўрачыстага шыхтавання, а затым была святая Імша, якую ўзначаліў а. Андрэй Врублеўскі. Месцам святкавання была абрана цудоўная мясціна пад назваю Гожа, навокал якой распрасцёрся прыгожы лес, дзе і задамавілася моладзь. Гэтым разам падчас вялікага палявання ваўчаняты разам з Божымі Кароўкамі перамаглі злога тыгра Шэрхана, якога не так проста было знайсці, ім дапамаглі сябры, якія навучылі арыентаванню ў лесе, аказанню першай дапамогi і многім іншым навыкам.

Скаўты ў коп’ях спаборнічалі, выконваючы заданнi, для якіх спатрэбілася падрыхтоўка не толькі фізічная, але і інтэлектуальная.

Скаўткі  "у чароўным лесе" вучыліся быць еднасцю, каб пераадолець выпрабаванні, якія іх сустракалі на шляху да мэты.

Нас ушанавала сваёй прысутнасцю кола маладых правадніц, якое прыехала з Віцебска. Дзяўчаты мелі магчымасць пазнаёмiцца з маладымi правадніцамі з Гродна, разам перажыць прыгоду і паўдзельнічаць у гульнi, у выніку якой прыйшлі да высновы, што вельмі важнай для iх з'яўляецца еднасць. Увечары ўсе разам наведалi гістарычныя мясціны Гродна. Напрыканцы дня маладыя правадніцы з Віцебска склалі сваё прырачэнне на маляўнiчым беразе Нёмана.

Вучыцца быць сябрам для ўсіх і братам кожнаму іншаму скаўту, а таксама бачыць у прыродзе Божае стварэнне, шанаваць расліны і жывелаў - гэта толькі некаторыя пункты скаўцкага права, але гэтым разам яны асабліва ўліліся ў агульную атмасферу асяроддзя.

Пасля вяртання у горад для моладзі душпастырам быў падрыхтаваны пачастунак, а для бацькоў канференцыя аб адказнасці.

На прыканцы сустрэчы бацькі разам з дзецьмі і моладдзю падзякавалі Богу за супольны час, памаліліся вяночкам да Божай Міласэрнасці за сем’і і ўшанавалі рэліквіі св. Яна Паўла II.

Алег Сенкель

Усе правы абаронены © 2023