AD MARIAM EUROPA – AD MARIAM BELARUS!
AD MARIAM EUROPA – AD MARIAM BELARUS!
Скаўцкая пілігрымка 2016
Возера Свір - Будсlove
2016 год стаў асаблівым і важным ў жыцці кожнага скаўта і скаўткі, таму што мы адзначаем 15-годдзе каталіцкага скаўтынгу на Беларусі і 60-годдзе Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу. Менавіта па гэтай прычыне шэфы скаўтаў вырашылі зрабіць агульную пілігрымку для хлопцаў і дзяўчат.
26 чэрвеня ўсе скаўты і скаўткі Беларусі, якія вырашылі пайсці ў пілігрымку, з’ехаліся ў адно месца каля возера Свір, але гэта не проста так: “15 год таму менавіта ў гэты час каталіцкія скаўты і скаўткі сустрэліся на возеры Свір, каб правесці летнік, над якім упершыню залунаў наш сцяг - Басан. Усё пачыналася толькі з некалькіх коп’яў Мінска і Віцебска, а сёння нашая колькасць дасягае 300 чалавек, якія жывуць у розных кутках Беларусі” *.
Спачатку мы прысутнічалі на св. Імшы, потым адбылося шыхтаванне, на якім было больш за 150 чалавек. Менавіта пад час яго нам быў передадзены сімвал Тура Скаўтаў Еўропы, які прывезлі каталіцкія скаўты з Украіны. Гэты сімвал уяўляе сабой “драўляную статуэтку, на якой стаяць скаўт і скаўтка, яны трымаюць над сваімі галавамі полымя, як сімвал нашых гарачых сэрцаў”*.
Гэты дзень змясціў у сабе не толькі святкаванне, але і “акцівіці” для скаўтаў і скаўтак: кулінарны конкурс, на якім перамаглі кап’ё Лебедзь з Гродна і кап’ё Расамаха з Барысава, і ВСГ (Вялікая Скаўцкая Гульня), у якой у хлопцаў перемагло кап’ё Бусел з Гродна, а ў дзяўчат кап’ё Лебедзь, таксама з Гродна.
Падчас абеда мы пачаставаліся вельмі смачным і прыгожым тортам, на якім было напісана ”Каталіцкім Скаўтам і Скаўткам 15 год”.
27 чэрвеня скаўты і скаўткі з розных куткоў Беларусі: Барысава, Івянца, Мінска, Гродна, Гомеля, Жодзіна, Мозыра вырушылі ў шлях у колькасці 120 чалавек. Нам спрыяла цудоўнае надвор’е, супольная малітва, прыгожы спеў і добры настрой, а таксама ў нас працавала радыё “Скаўт FM”. Пілігрымка працягвалася пяць дзён, увесь гэты час мы атрымлівалі Божую дапамогу і ласку. Крок за крокам мы былі бліжэй да Маці Божай Будслаўскай, неслі свае інтэнцыі і просьбы. На адарацыі мы прасілі Пана Бога і Марыю выслухаць нашы малітвы, дзякавалі Богу за жыццё, славілі нашага Пана Езуса Хрыста прыгожым спевам! Таксама з намі разам крочылі духоўныя айцы а.Лех Баханэк і а.Сымон Форайтэр. Яны нам дапамагалі ўсё глыбей пазнаць Езуса Хрыста, іх навука дакраналася нашых грэшных сэрцаў.
Наш шлях быў не вельмі цяжкі, кожны дзень мы ішлі па 18-25 кілометраў, але гэта пілігрымка была ў скаўцкім стылі. Сняданак і вячэру мы гатавалі самастойна, а напрыканцы дня ў нас было Вогнішча. На Вогнічшы мы збіраліся ўсе разам: танчылі, спявалі, гулялі ў гульні, паказвалі сцэнкі.
На нашым шляху было вельмі шмат прыгожых мясцін, мы ішлі і цанілі кожную дробязь: глыток халоднай вады, вецярок, які раздуваў валасы, дожджык, які нас абмываў. Нам пашчасціла акунуцца ў прыгожым возеры Нарач, а вечарам на беразе танчыць у беларускіх строях пад беларускі спеў і глядзець, як прыгожа сядае сонейка. У адзін з дзён, калі было вельмі горача, на перапынку нас чакаў невялікі сюрпрыз: арганізатары пілігрімкі пачаставалі кожнага вельмі смачным марожаным “SOLETTO”, потым яшчэ былі цукеркі J
Першая пешая скаўцкая пілігрымка запомніцца на ўсё жыцце. Дзякуй Пану Богу за арганізатараў, за скаўцкі рух на Беларусі. Хочацца падзякаваць тым людзям, які ўнеслі вялікі ўклад: генеральным камісарам Паўлу Бельскаму і Юліі Чарніцкай, Паўлу Граковічу, Андрэю Граковічу, Алегу Сенкелю, нашым душпастырам а.Леху Баханэку і а.Сымону Форайтэру.
НА БЕЛАРУСІ ЖЫВЕ БОГ! У НАШЫХ СЭРЦАХ ЖЫВЕ ЕЗУС!
Дапаможная звязовай Валерыя Сакалова
Кап’явая кап’я Расамаха Яна Малец
* - пры напісанні артыкула былі выкарыстаныя матэрыялы з кнігі “Скаўцкая пілігрымка 2016” і фотаздымкі з парталу catholic.by