Кап'ё Кап'явых Гомельскага звяза дзяўчат прайшло ў Жлобіне

Увечары 17 сакавiка ў Жлобiн на выходныя адправiлiся звязовая і кап'явыя Гомельскага звяза Св. Кацярыны Александрыйскай, каб разам правесцi Кап'ё Кап'явых. За размовамі аб жыцці і ў марах пра будучыя прыгоды час ў цягніку праляцеў вельмі хутка.

На першы начлег спыніліся ў капліцы Св. Казіміра, дзе нас сустрэлі ксёндз Юзаф i д'якан Сяргей. Там была запланавана адарацыя – час, які мы правялі ў цішыні, каб мець магчымасць індывідуальна паразмаўляць з Богам і ўслухацца ў Яго. Яшчэ да адарацыі мы дамовіліся, што пасля яе заканчэння будзем рыхтавацца да сну ў поўнай цішыні. І гэта было сапраўдным выпрабаваннем!

У наступную раніцу пасля снядання мы вырушылі ў касцёл Маці Божай Каралевы Свету. Там удзельнічалі ў Святой Імшы.

Насычаным і разнастайным мы запланавалі гэты дзень. Найбольш за ўсё мы чакалі сустрэчы з лесам, але дождж са снегам сталі на нашым шляху. Мы вымушаны былі застацца ў памяшканні, але гэта не перашкодзіла нам цудоўна правесці час – праявілі свае творчыя здольнасці ў майстар-класах; падчас Евангелічнай гадзіны разважалі над рысамі, якім жадалі бы навучыцца ад людзей, якіх лічым нашымі аўтарытэтамі; за кубкам гарбаты вырашалі "сур'ёзныя жаночыя справы".

Свае фізічныя здольнаці і ўменне з радасцю прымаць перамогу бліжняга мы праявілі ў боўлінгу. А тое, што мы пайшлі гуляць у яго апранутыя па скаўцкай форме, выклікала да нас павышаную ўвагу персаналу – і нас, нават, імкнуліся патаемна сфатаграфаваць на тэлефон. Адчувалі мы сябе нейкімі замежнымі зоркамі.

На вечар была запланавана гульня "скарб". Мы падзяліліся на дзве каманды па два чалавекі. Кожная каманда падрыхтавала пачастунак, які надзейна схавала на прасторы парафіяльнага дома. А вось каб знайсці пачастунак, трэба было разгадаць шэраг падказак, якія таксама былі схаваны ў шматлікіх пакоях. Гульня распачалася, калі сонца ўжо надзейна схавалася за гарызонтам. Абавязковай умовай было выключанае святло і карыстанне толькi ліхтарыкамі. Гэта было вельмi цiкава, так як памяшканняў было вельмi шмат, а прамяні ліхтарыкаў у поўнай цемры стваралі атмасферу сапраўднай прыгоды. Такім чынам дзень скончыўся вельмі весела і смачна! Падзяку за ўсе падзеі гэтага дня мы выказалі ў вячэрняй малітве. Класціся спаць у цішыні гэтым вечарам было значна лягчэй – мы былі фізічна стомленыя і духоўна ўладкаваныя, таму праз 5 хвілін ужо бачылі каляровыя сны.

У наступную раніцу, пасля Нядзельнай Імшы, надвор'е сустрэла нас холадам і хмарамі. Так хацелася схавацца ў цёплую коўдру і нічога не рабіць. Але мы не здаліся спакусе і вырушылі да Дняпра, каб знайсцi лепшае месяца для вогнiшча. Вельмі цяжка і доўга мокрыя дровы выпрабоўвалі наша цярпенне і стараннасць, і нарэшце агонь быў распалены. Грэючыся каля яго, мы разважалі над Божым Словам, якое, падобна да сітуцыі з агнём, вучыла нас цярпліва адносіцца да ўсіх людзей, асабліва да тых, з якімі нам цяжка і непрыемна. Потым гатавалі абед – кожны меў свой абавязак падчас гэтай справы – пільнаваць агонь, прыносіць дровы, падрыхтаваць гародніну. І як вынік ладнай сумеснай працы мы атрымалі вельмі смачны суп.

Наша сустрэча падыходзіла да свайго заканчэння. Мы прыбралі памяшканне, у якім жылі, і вырушылі на вакзал. Там правялі Раду, падчас якой дзяліліся асабістым плёнам ад гэтай сустрэчы і пастановамі, з якімі вяртаемся дадому.

Марыя Краўцова (кап'ё Сава) і Ала Панкевіч (кап'ё Чайка)

Усе правы абаронены © 2020