"Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? Саміх сябе даследуйце"
Вясновая вандроўка маладых правадніц вогнішча Св. Цэцыліі праходзiла з 24 па 26 сакавіка.
Так правадніцы адправіліся на цягніку ў Жабінку, а адтуль раніцай у вёску Прылуччына. Наша падарожжа распачалося і стала вялікай магчымастю пабыць з прыродай такі доўгі час і атрымаць асалоду ад усёй яе прыгажосці. А гэта значыць - быць бліжэй да Бога; мець магчымасць раскрыць сябе, свае таленты, пачуццё прыгажосці; глядзець у далечыню і проста адпачываць. "На прыродзе, у маўчанні мы адчуваем свабоду ад хаосу гэтага свету".
Першы наш прыпынак быў у вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёну, дзе знаходзяцца рэшткі сядзібы Дзяконскіх (сярэдзіна XIX ст.). Альбін Дзяконскі ўпарадкаваў стары лес ля палацу, перарабіўшы яго ў парк. Да цяперашняга часу засталіся асобныя экзэмпляры рэдкіх відаў дрэваў: амэрыканскі вяз, лістоўніца, веймутавая сасна, бук, граб, чорная вольха, клён, дуб і інш. Найстарэйшае дрэва парку – дуб чарэшчаты са ствалом дыямэтрам 146 см. Непадалёк ад палацу захаваўся валун, аформлены ў выглядзе фатэля.
Святая Імша ў лесе – гэта незвычайная падзея, калі ты адчуваеш усю веліч Божага cтварэння. Пасля яе мы распалілі вогнішча і прыгатавалі смачны абед і зноў адправіліся ў шлях.
Праз некаторы час мы ўжо дабраліся да Пружан, дзе на начлег нас прыняў кс. Вінцэнт. Стомленыя ад вячэрняга мацыёну па горадзе, мы з'елі марожанае і хутка акунуліся ў Святую Цішыню.
Нядзельная раніца пачалася са Святой Імшы ў вёсцы Вялікае Сяло. Развітаўшыся з ксяндзом, мы зноў вырушылі ў свой шлях. Мэтай нашага наступнага наведвання была Капліца на месцы бітвы 1812 года. Яна была ўзведзена ў 1912-1914 гадах у памяць аб загінуўшых. Побач на лясной дарозе усталяваны памятны камень. На ім намалявана схема Гарадзечынскай бітвы. Паснедаўшы, мы рушылі далей, аж да самага абеду, знайшоўшы і 30 хвілін для размовы ў цішы з Богам.
Падрыхтаваўшы сябе на вячэру салат, мы паклалі яго ў кацялок і пайшлі да Ківаціцкай званіцы. Касцёл святога Пятра і Паўла быў пабудаваны ў 1610 годзе і знішчаны ў 1942 годзе. Засталася ад яго толькі званіца, якая знаходзіцца на могілках з пахаваннямі. Памаліўшыся, мы вырушылі да чыгуначнага прыпынку.
Сеўшы ў цягнік, мы павінны былі перш за ўсё павячэраць, чаго мы ўжо так даўно чакалі. І…дастаўшы свой смачны салат у кацялку, прыняліся яго доўга есці.
Заснулі мы з новымі пастановамі для сябе. А раніцаю вымушаны былі развітацца. Але не на доўгі час…
Вандроўка – гэта нашае жыццё. Кожны дзень мы павінны сябе выпрабоўваць, ставіць сябе мэты, нават тыя, што на наш погляд здаюцца недасягальнымі.
Зіна Панкевіч, Мазыр
