Зімовыя прыгоды Гомельскага вогнішча

  

У час, калі мароз казыча шчокі, а сонейка гуляе прамянямі на снезе, прырода асабліва цудоўная і захапляльная. І гэтага дастаткова, каб атрымліваць асалоду ад магчымасці бачыць Божае тварэнне вакол, а таксама слухаць Яго сярод гэтага цуду…

“Галоўнае – «злавіць хвалю». Прырода дае моцны штуршок, каб надаць думкам правільны кірунак.” (Дыяна) 

Такім рэцэптам кіраваліся правадніцы гомельскага вогнішча Св.Цэцыліі, адпраўляючыся ў зімовую вандроўку! Тэмай вандроўкі, так званым “філасофскім зернем”, стаў урывак Евангелля: “…Паводле плёну іх пазнаеце іх” (Мф.7:20), які закрануў думкі кожнай з дзяўчат. Дык з якім жа плёнам прайшла гэтая вандроўка?

Зімовая вандроўка адбылася з 29 студзеня па 1 лютага па маршруце Паставы-Манькавічы-Варапаева-Дунілавічы-Паставы. Перад першымі крокамі па маршруце дзяўчаты падрыхтавалі вельмі інфарматыўны даклад аб мястэчках, касцёлах, а таксама і гістарычных асобах, якія мелі непасрэднае дачыненне да гэтых месцаў. Сапраўды, як інакш можна было б углубіцца ў захапляльныя віды гэтых мясцін?

“Я адразу ж пачала шукаць матэрыял пра Паставы, так як гэта было неабходна для напісання плану. Пра існаванне горада Паставы я ведала і раней, але не ведала, што там можна паглядзець. Больш усяго мне хацелася ўбачыць касцёл.” (Дыяна)

Першы дзень быў вельмі насычаным, але ж без перашкод не абышлося. Вялізныя і непраходныя лужыны; знікаючыя сцяжынкі, якія потым зноў з’яўляюцца; снег, які хутка растае – цяжкае выпрабаванне, якое, аднак, смелыя і адважныя скаўткі чакалі, каб гэтая вандроўка ператварылася ў сапраўдную прыгоду!

“Напэўна, для прагулкі гэта былі не самыя спрыяльныя ўмовы. Але вецер у твар, "дождж-снег-дождж" зверху і балота знізу былі ідэальнымі, каб выпрабаваць на якасць не толькі свой абутак, але і свой дух.” (Вольга)

“Першы маршрут мяне ўразіў мокрым снегам і моцным ветрам. Нам даводзілася пераадольваць лужы памерам з сажалкі, і толькі дзякуючы цяжару заплечніка нікога не здзьмула.” (Марыя)

Не спужаліся дзяўчаты і цяжкасцяў з прыгатаваннем абеда, а таксама правядзення Святой Імшы ў такіх абставінах!

“Наша вогнішча знаходзіцца зараз на такім этапе, што нашы адносіны могуць толькі ўзмацняцца, нягледзячы ні на што”. (Дыяна)

Можа таму, прайшоўшы пуць, насычаны рознымі іспытамі, дзяўчаты асабліва ўглубіліся ў разважанні над Божым словам падчас гадзіны Святла.

“Крочыш па дарозе, сярод поля - сярод лесу, размаўляеш з Езусам – і нават адчуваеш, як Ён ідзе побач.” (Вольга)

Вярталіся на месца начлегу з вялікай радасцю і жаданнем хутчэй сагрэцца. Але ніхто не страціў надзею на лепшае заўтра, бо заўтра і кожны наступны дзень мы аддаем Богу.

Наступны дзень прыносіў усе больш і больш сюрпрызаў: змена маршрута ў апошні момант, падлік часу на абед, Імшу, малітву. Дзень атрымоўваўся вельмі насычаным. Але як паспець усё запланаванае? Так! Моцная і дружная сумесная малітва раніцай!

І вось, якая хуткая змена адбылася навокал: мяккі і пушысты снег лажыўся на зямлю, сонейка плясала прамянямі па ім. Ні ветру, ні дажджу раптам не стала! І вельмі насычаны план апынуўся зусім рэальным да выканання! Смачны сняданак, збор рэчаў, і мы адправіліся ў Варапаева. Наведалі касцёл Св. Арханёла Міхаіла і распачалі наш шлях да Дунілавічаў.

“Нас чакалі слабы мароз і сухое надвор'е без ападкаў. Гэта дазволіла нам хутка распаліць вогнішча. Аднак зманліва тонкі лёд на лужах нагадваў пра сябе, калі чарговы скаўцкі чаравік акунаўся ў палонку.” (Марыя)

Падчас маршрута месца Імшы, здалося, само нас адшукала! Вялізны камень, які быццам нашэптваў на вуха сваё жаданне служыць Богу алтаром, ляжаў сярод невялічкай паляны ў асяроддзі вялізных хвойных дрэваў! Вакол – спакой і цішыня, нічога не перашкаджала дыялогу з Богам, бо ўсе – чалавек, жывёлы, птушкі, расліны – прымалі ўдзел.

“Для Імшы ў лесе выкарыстоўвалі вялізарны валун з роўнай паверхняй, як быццам сам Езус падрыхтаваў Сабе алтар, вакол якога пажадаў сабраць нас на сустрэчу з Ім.” (Вольга)

Абед быў вельмі сытным, агонь распалілі вельмі хутка – з першай запалкі!

Папярэдне планавалася выключыць з меню кашы, якія ўжо так надакучылі. Але пазней апынулася, што вандроўка без рысу са згушчаным малаком нам не мілая. І адзінадушна было прынята рашэнне – салодкай кашы быць!” (Вольга)

Пасля падмацавання фізічных сіл трэба было прайсці невялічкую частку шляху не маючы ніводнай сцяжынкі – толькі мапа ды компас. Натыкнуліся на воўчы след, прайшлі па замёрзлым балоце, скатваліся з горкі і падымаліся на круты ўздым. Але ніводнага пратэсту, ніводнага прапанавання павярнуць назад.

“Напрыканцы вандроўкі было такое адчуванне, што мы - гэта адзіны вялікі арганізм з 14 рукамі - якія дружна і зладжана рабілі ўсю неабходную працу.” (Вольга)

Тады мы яшчэ раз зразумелі: падтрымка, любоў да бліжняга, малітва Богу і адкрыццё свайго сэрца да Яго – галоўны алгарытм праходжання не толькі цяжкага пуці, але і жыццевага шляху. Гадзіна Святла прайшла сярод віцебскіх пейзажаў: маленькіх вёсачак, магутных дрэваў, шматлікіх пагоркаў.

“З дзяцінства мяне прывучалі да таго, што памаліцца, звярнуцца да Бога лепш за ўсё ў касцёле. Да скаўтынгу я нават паняцця не мела, што Імша можа праводзіцца і ў лесе. А менавіта ў нашых вандроўках я адчула блізкасць Бога на прыродзе. Я глядзела на верхавіны дрэў, якія атачалі нас, на снегапад… і захаплялася прыгажосцю, якую не здольная заўважыць у памяшканнях. Так я і пачала адчуваць Бога заўсёды побач.” (Яна)

Падыйшоў ужо час вяртацца на начлег, але і тут Бог прыгатаваў для нас нешта незвычайнае. Справа ў тым, што падчас планавання маршруту не апынулася магчымасці наведаць вёску Лучай, што вельмі нас засмуціла. Але падчас вяртання ў Паставы на аўтобусе, дабразычлівы кіроўца спыніўся каля касцёла ў гэтай вёсцы і даў нам час наведаць яго! Вярнуліся мы вельмі радасныя і ўдзячныя, смачна павячэралі і правялі вельмі вясёлае вогнішча! Кожны скончыў гэты дзень з асаблівымі думкамі, разважаннямі, высновамі.

На наступны дзень трэба было ўжо вяртацца да студэнцкіх будняў, працы і штодзённай руціны. Але ж правадніцы прымаюць і гэты выклік с рашучасцю, напоўненыя цудоўнай энергіяй і Вялікай Любоўю, якія і сталі нашым плёнам напрыканцы вандроўкі. І гэту Любоў мы будзем дарыць і сведчыць аб Езусе сваім блізкім, сябрам, і кожнаму, каго сустрэнем на сваім жыццёвым шляху.

“Я атрымала вялікую асалоду ад той прыгажосці, што мы ўбачыли. Вялікі дзякуй усяму майму вогнішчу, а таксама душпастыру, які стаў падрымкай для ўсіх нас.” (Дыяна. І  мы ўсе далучаемся да гэтых слоў)

 Наталі Лозікава, г.Гомель

 

Усе правы абаронены © 2023