Адвэнтовыя рэкалекцыі для правадніц прайшлі ва Уселюбе

З 25 па 27 лістапада адбыліся адвэнтовыя рэкалекцыі для шэфаў, маладых правадніц і сяброў скаўтынгу з Мінску, Гродна, Івянца ў парафіі Святога Казіміра ва Уселюбе. Дзяўчаты сустрэліся, каб разам падрыхтавацца да часу перажывання Адвэнта.

25 лістапада з розных мясцінаў, пасля працы або вучобы, дзяўчаты з’язжаліся ва Уселюб. Адчувалася вельмі прыемная атмасфера радасці сустрэчы з тымі, каго даўно не бачылі.  Шэфы распавялі пра свае прыгоды на вандроўках, падзяліліся вопытам служэння, чуўся гучны смех і радасць! Але, каб пакінуць усе свае штодзенныя справы, адкрыць свае сэрцы і падрыхтаваць глебу да пленнага перажывання рэкалекцый неабходна суцішыцца,неабходна асабістая сустрэча з Езусам. Таму з 25 на 26 лістапада трывала ўсеночная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой кожная дзяўчына мела магчымасць пабыць з Панам адзін на адзін у свой час, у пэўную гадзіну.

Тэма, над якой разважалі, была “Я - каштоўная пярліна”. Праводзіў рэкалекцыі а. Алег Шпець SChr, пробашч парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна ў Мінску.

Дапамогаю ў разважаннях з’яўляліся канферэнцыі, якія распачыналіся з малітвы або Божага Слова, Гадзіна Святла і Святая Імша. На канферэнцыях дзяўчыны пачулі, як узнікае пярліна - яна нараджаецца з цярпення. Разважалі над тым, што любіць – гэта дазволіць чалавеку адкрыць самога сябе;  як важна быць самім сабой, ведаць і прынімаць праўду пра сябе. А самая галоўная праўда, якую кожны чалавек павінен ведаць – гэта тое, што ен з’яўляецца любімчыкам Пана Бога! Пра гэта і многае іншае мы даведаліся з канферэнцый  а. Алега SChr.

Але рэкалекцыі – гэта не толькі канферэнцыі і духоўныя практыкаванні. Не апошняе месца займае адпачынак. Паколькі нам пашансавала з надвор’ем і на вуліцы назіралася сапраўдная зіма, дзяўчаты з радасцю праводзілі час на шпацыры, бавіліся ў гульні і нават адкрылі сезон гульні ў снежкі. Вялікім скарбам стала экскурсія, падчас якой удзельніцы рэкалекцый пачулі цікавыя факты з гісторыі жыцця касцела і мясцовасці. Пасля экскурсіі дзяўчыны наведалі краму-музей, у якім маглі нават дакрануцца да гісторыі: убачылі гадзіннік узростам не менш за 200 гадоў, які раней знаходзіўся у касцеле.

Атмасфера любові, адкрытасць сэрцаў, глыбыня духоўнасці канферэнцый і ўзаемнае дзяленне радасцю – усе гэта спрыяла, каб узмацніцца ў веры, запаліцца на служэнне і на тое, каб яшчэ глыбей пазнаваць сябе і Бога.

  Надзея, г. Гродна

 

Усе правы абаронены © 2023