Віфлеемскі агонь - сведчанне шэфа зграі ваўчанят

У гэтым годзе ў Полацку быў закладзены падмурак для ўтварэння каталіцкай скаўцкай дружыны F.S.E.  імя святога Андрэя Баболі - з'явілася першая зграя ваўчанят. Менавіта прадстаўнікі гэтай скаўцкай адзінкі далучыліся да акцыі распаўсюджвання Віфлеемскага агню па касцёлах Віцебскага рэгіёну Беларусі.

Сваімі ўражэннямі ад удзелу ў акцыі дзеліцца шэф зграі ваўчанят (Акела) - Сяргей.

"Калі прапанавалі паўдзельнічаць у распаўсюджванні Віфліеемскага агню па парафіях Беларусі, я адразу згадзіўся. Мяне перепаўняла радасць, што я павязу Віфлеемскі агонь, адчуванне было быццам я не агонь у лампадцы павязу, а самаго Езуса. Адразу пачаў распрацоўваць маршрут, званіць святарам, шукаць лямпы, думаць як яго везці і шмат іншых спраў.

Але ў нейкі час пачалі з'яўляцца сумненні, ці ўвогуле патрэбна ўсе гэта. Гэта ж звычайны агонь. Так, ён запалены на месцы нараджэння Езуса, але ж гэта проста агонь.

Аднак я даў абяцанне людзям, што прывязу яго, а кожнае абяцанне трэба выконваць да канца.

Настаў вызначаны дзень. Абставіны пачалі складвацца так, што я павінен быў застацца, каб дапамагчы сваёй сям’і. Але зноў прыйшлі думкі, што я абяцаў людзям. Адчуў сябе здрадцам. Атрымаўшы ад святара благаслаўленне на добры шлях ўсё ж вырушыў у дарогу.

Падсвілле першы касцел на маршруце - месца перадачы агню скаўтамі з Мінска. Агонь затрымліваўся, але дзякуючы гэтаму, з'явіўся час на рахунак сумлення і споведзь.

Прынялі агонь і вырушылі на маршрут.

Аказалася, вельмі дзіўныя рэчы чакалі нас у дарозе. Там дзе мы разлічвалі, што толькі адна парафіянка адкрые касцел, нас сустракала не менш за 10 чалавек, а пасля запрашалі на гарбату, прасілі расказаць, хто мы такія. А недзе, наадварот, сустракалі суха, без лішніх эмоцый. Недзе спявалі дзеці. Вельмі прыемна было бачыць у некаторых вачах шчырую радаць.

У касцеле святога Ігнацыя Лайолы ў Віцебску (духоўнага айца святога Андрэя Баболі), святар прымаючы агонь сказаў, што ў яго на рэкалекцыях знаходзіца душпастыр скаўтаў з Гродна - айцец Андрэй. У размове з ім расказалі, што апякун нашай скаўцкай адзінкі - святы Андрэй Баболя. Высветлілася, што ў касцёле есць капліца гэтага святога. Канешне ж пайшлі памаліцца туды,  адчуванне - быццам сын прыйшоў да свайго любячага айца у спецыяльна прыгатаваны для яго пакойчык.

Але час мінаў, паехалі далей. Урачыста на пачатку Імшы занеслі Віфліеемскі агонь у касцёл. Калі спяваў псальм пад час Імшы,  здавалася, што атрымліваецца нават лепш, чым у сваім касцеле.

На зваротнай дарозе дапаможны шэф зграі - Аляксандр сказаў, што гатовы стаць паўнавартасным скаўтам і скласці абяцанне. Быццам Віфліеемскі агонь запаліў яго.

Калі прыехалі ў свой касцёл, сястра запаліла две лампадкі і паставіла іх пад абразом святога Андрэя Баболі. У касцеле было даволі цёмна, дзве лампадкі асвятлялі абраз святога, і здавалася быццам Андрэй Баболя ахоўвае Бэтлеемскі агонь. З гэтым супакоем згасіў керасінку і вярнуся дадому, дзякучы Богу, што паспяхова давезлі агонь усюды, куды планавалі. Паклаўшыся спаць, разумею, што не магу заснуць. Закрываю вочы, і бачу ліхтарыкі, лампадкі, агонь, агонь, агонь...

І тут прышло разуменне, што агонь гэта толькі сімвал - візуалізацыя, сапраўдны агонь гарыць у сэрцы. І з'явілася надзея, што праз гэты шлях загараецца агонь у сэрцах іншых людзей. Нарэшце ўдалося заснуць.

Раніцай прачнуўся значна раней,чым звычайна. У галаве гучала песня, якая нарадзілася сама сабой. Здаецца, калісьці пачуў добрую песню, але не запомніў ніводнага слова, толькі матыў. Матыў круціўся ў галаве і некалькі радкоў склаліся самі сабой, але далей ніяк. А тут раніцай словы песні загучалі далей. Устаў, каб хуценька запісаць.

Спеў атрымаўся не вельмі складны, але ад таго што ён быў складзены да канца, на сэрцы была радасць і здавалася быццам агонь загарэўся мацней. І я працягваў ціхенька спяваць, бо ўсе, акрамя мяне, спалі.

Пасля паехаў на Імшу ў свой касцёл, бо на 10-00 быў запланаваны ўрачысты ўнос Віфліеемскага агню, а на 12-00 ваўчаняты ўрачыстай працэссіяй прынеслі лампадкі з Бэтлеемскім агнем на алтар. У гэты ж час,  дапаможны шэф зграі Аляксандр разам з сынам Янам урачыста ўнеслі агонь з Віфліема у Наваполацкі касцёл.

Пасля Імшы, кожны, хто хацеў, мог за ахвяру набыць лампадку, каб занесці агонь з месца нараджэння Збаўцы сабе дадому. Пра вяртанне затрачаных грошаў  нават не думалася - як дасць Бог, хай так і будзе.

Фінал акцыі - вечаровая Імша  ў нашым касцёле. Прыемна было ўбачыць, што ўсе лампадкі разышліся. На прыканцы дня часу і сіл падлічыць рахунак ўжо няма, але здаецца, дзякуй Богу і людзям, ахвяраў трохі назбіралася,  так што расходы перакрыты і нават нешта засталося на развіццё зграі.  І зноў дзень быў вельмі насычаны і хочацца адпачыць. На шчасце, атрымоўваецца заснуць даволі хутка.

Прачнуўшыся раніцай паехаў на працу. Быў, быццам выціснуты лімон, але адчуваў, што ў сэрцы ўсе яшчэ гарыць агонь."

                                                                                                                         

 

                                                                                                                                                                                                         Тэкст і фота: Сяргей Баркоў (Акела)

Усе правы абаронены © 2022