У Полацк праз Гомель са святым Андрэем Баболя

4–5 сакавіка шэфы-вандроўнікі з розных куткоў Беларусі сабраліся на гасціннай Полацкай зямлі, каб перажыць разам вандроўку, якая праходзіла пад дэвізам: "Крочыць за Езусам – шлях Святога Андрэя Баболі".

Св. Андрэй Баболя быў выбраны апекуном гэтай вандроўкi не выпадкова, бо менавiта ў Полацку больш за 100 гадоў захоўвалася цела мучанiка.

Для вандроўнiкаў з Гродна шлях распачаўся ўжо вечарам 3 сакавiка. А вось Мінскае кола вырушыла на машынах на поўнач раніцай у суботу. Пакуль ехалі, надвор’е мянялася некалькі разоў – ад прыгожага вяснова-сонечнага да амаль непрагляднай завірухі, якая не дазваляла хутка рухацца. Па дарозе з Мінска на Полацк кожны, хто едзе машынай, праязджае населены пункт Гомель, і часцяком у галовах узнікае думка: "а ці той дарогай я еду?".

У дарозе было прапанавана бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй жыцця і культу св. Андрэя Баболі. Многія ўпершыню адкрылі для сябе гэтага святога, жыццё і дзейнасць якога непасрэдна звязаны з беларускай зямлёй.

Пунктам збору быў вызначаны аграгарадок Захарнічы, дзе сустрэліся вандроўнікі з Мінска, Лагойска, Полацка, Наваполацка, Гародні і Івянца. Быў таксама прадстаўнiк Вiцебска – айцец Віталь Сапега ОР, які разам са скаўцкімі шэфамі прыняў чынны ўдзел у вандроўцы. Дзякуючы яго служэнню скаўты-вандроўнiкi мелi штодзённую святую Iмшу, магчымаць споведзi i духоўных размоў.

Як звычайна, усё распачалося шыхтаваннем, дзе прагучала ўступнае слова ад шэфа вандроўкi, а а. Віталiй удзяліў благаславенне. Атрымаўшы накірунак i мапу, колы вырушылі ў шлях. 

Маршрут праходзіў праз маляўнічы зімовы лес, сонейка свяціла ярка. Ягонае святло праз кроны дрэваў асвятляла ўсё навокал. Праз некаторы час нашае кола спынілася, каб прыгатаваць сабе абед. У часе гатавання прыйшла iдэя пабудаваць снежны грот. Не марнуючы часу, усе прыступілі да будовы гэтага «вельмі важнага» праекту. Шэфы нібы акунуліся ў дзяцінства, кожны паўдзельнічаў. Час ад часу чулася: "Па законах фізікі столь не павiнна трымацца" – бо будавалі выключна і толькі са снегу, але ўсё атрымалася. 

Пасля абеду вырушылі ў далейшы шлях. У дарозе была праведзена Гадзіна вандроўніка – адмысловы духоўны складнік, прапанаваны каталiцкай скаўцкай педагогікай, дзе спачатку прапануецца паразважаць над урыўкамі з Бібліі, а потым у коле падзяліцца тымі думкамі, высновамі, да якіх прыйшлі падчас разважання. 

На шляху трапіўся незвычайны аб’ект – могілкі хатніх жывёлаў, дзе амаль па кожным стаіць сапраўдны помнік, а ў некаторых нават агароджа. Стала крыху не па сабе… Ад перажытага шоку на нейкi час наступiла цiшыня.

Фiнальным пунктам першага дня вандроўкi быў полацкi Касцёл св. Андрэя Баболі, у якім адбылася святая Імша. 

Пасля Імшы была вячэра і iнтэграцыйная праграма, скіраваная на тое, каб вандроўнікі больш пазнаёміліся між сабою. Вельмi цiкава бачыць, як сталыя мужчыны, шматдзетныя бацькi бавяцца разам, уцякаючы адзiн ад аднаго. Пасля рады, усе скіраваліся ў касцёл на Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую перажылі са спевамі пад гітару.

Падчас адарацыi асаблiва малiлiся за сяброў, якiя рыхтавалiся назаўтра скласцi скаўцкае Абяцанне.

Ноччу выпала шмат снегу, таму раніцу большая частка ўдзельнікаў вандроўкі распачала з прыбірання тэрыторыі вакол касцёла, што не дрэнна замяніла ранішнюю руханку. Пасля агульнага сняданку вандроўнікі вырушылі на экскурсію па Полацку, падчас якой, дзякуючы знаёмай мясцовай парафянцы Юлii, убачылі асноўныя славутасці Полацка, цi лепш сказаць не без болю у сэрцы, тое, што ад iх засталося. А таксама наведалі Музей беларускага кнігадрукавання.

Пасля ўсе адправiлiся на парафiяльную Святую Імшу. Цiкава, што на ўваход гучала песня ў гонар св. Андрэя Баболі, напiсаная на словы паэмы Я. Купалы «Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі». Пасля Iмшы скаўцкiя шэфы ўшанавалi рэлiквii святога мучанiка, якiя заўсёды выстаўленыя ў касцёле. Пасля быў смачны абед і агульная рада. 

Заключнае шыхтаванне было напоўнена цырымоніямі. Праз складанне Абяцання да вялікай скаўцкай сям’і далучылася тры новыя сябры з Мінска, Полацка i Наваполацка. Таксама адбылася цырымонiя прызначэння дапаможных шэфаў Першай Мінскай зграі ваўчанят. Пасля было развітанне з сябрамi і шлях дадому.

Вандроўка скончылася, але засталася ў фатаздымках, успамінах, нейкiх сувенiрах і, несумненна, пакінула ў сэрцах удзельнікаў добрыя плёны.

Тэкст: Анрэй Рамашка

 

Усе правы абаронены © 2023