Не зважаючы ні на што – Бэтлеемскі агонь зноў чакаюць у Беларусі

Некалькі тыдняў таму ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме дзяўчына Пілар запаліла Бэтлеемскі Агонь супакою.

Незвычайным фактам з’яўляецца тое, што за ўсю сваю гісторыю, якая налічвае ўжо больш за 35 гадоў, ніколі не здаралася, каб агонь не вырушыў у дарогу - нават у часы пандэміі і ўзброеных канфліктаў.

Традыцыйна аўстрыйская дэлегацыя спецыяльным авіярэйсам дастаўляе Бэтлеемскае Святло супакою ў Вену, адкуль яно, дзякуючы скаўтам і скаўткам, трапляе ў іншыя краіны свету. Агонь, запалены ў Бэтлееме, з рук у рукі перадаецца з горада ў горад, з краіны ў краіну. Мяняюцца людзі, якія яго перадаюць, мяняюцца аўтамабілі, якія перавозяць яго, мяняюцца мовы, на якіх размаўляюць асобы, а Святло супакою ўсё тое ж.

14 снежня Бэтлеемскі агонь будзе ўрачыста ўнесены ў гродзенскую катэдру, 15 снежня - у мінскую архікатэдру, а на наступны дзень - у катэдры ў Віцебску і Пінску.

У Беларусі за распаўсюджванне Святла супакою адказны рух каталіцкіх скаўтаў – парафіяльныя групы, якія вядуць сваю дзейнасць у Гродна, Жодзіна, Івянцы, Мінску і Полацку. У 2023 годзе для беларускіх скаўтаў і скаўтак гэта будзе юбілейны, 15-ы, раз, бо ў 2008 годзе адбыўся іхні дэбют.

У гэтым годзе запланавана, што Бэтлеемскі агонь будзе ўнесены ў больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій (расклад - у канцы артыкула). Скаўты і скаўткі аб’едуць амаль усю нашую Бацькаўшчыну, імкнучыся падзяліцца гэтым Святлом супакою з як мага большай колькасцю людзей. Дзеля гэтага прыйдзецца праехаць некалькі тысяч кіламетраў.

У гэтай даволі адказнай місіі атулім малітоўнай падтрымкай нашых скаўтаў і скаўтак, каб Бэтлеемскае Святло супакою прыбыло ў Беларусь і не толькі дасягнула кожнай запланаванай кропкі на мапе, але і асвятліла нашыя сэрцы!

Глядзець мапу падарожжа Бэтлеемскага агню ў Беларусі (спасылка)

Тэкст і мапа: Андрэй Рамашка

Усе правы абаронены © 2023