У Беларусі чакаюць Бэтлеемскае святло міру. Гісторыя і асаблівасці
Карані акцыі па распаўсюджванні Бэтлеемскага агню сыходзяць да 1986 года, калі супрацоўнікі аўстрыйскай радыёкампаніі “ÖRF” вырашылі такім чынам адудзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі “Святло ў цемры”.
Акцыя, якая спачатку не задумвалася як шматгадовая, спадабалася людзям і стала міжнароднай каляднай традыцыяй.
У 1989 годзе скаўты падхапілі гэтую ініцыятыву, перадаўшы агонь з Бэтлеему спачатку ў суседнія з Аўстрыяй краіны, а з цягам часу і ў больш аддаленыя.
Бэтлеемскі агонь запальваецца дзіцём або падлеткам ад нязгаснай лампады ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме і спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль распаўсюджваецца скаўтамі і скаўткамі ў розныя краіны свету.
У Беларусь Бэтлеемскі агонь першы раз афіцыйна быў дастаўлены ў 1998 годзе, а з 2008 у ягоным развозе прымаюць удзел каталіцкія скаўткі і скаўты. Сёлета гэтае служэнне будуць несці хлопцы і дзяўчаты з Віцебску, Гродна, Жодзіна, Івянца, Мінска і Полацка.
У 2024 годзе ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе паўплываў на правядзенне акцыі. Упершыню за ўсю яе гісторыю будзе распаўсюджвацца Бэтлеемскі агонь, прывезены летась, які праз увесь год захоўвалі аўстрыйскія скаўты і скаўткі.
Гэты факт паказвае, што мір ёсць вялікай каштоўнасцю, але ў цяперашнім свеце яго можна вельмі лёгка згубіць. Пасланне міру, якое нясе Бэтлеемскае святло, як заўсёды актуальнае, бо сёння шмат дзе ў свеце неспакойна.
Прымаючы гэты агеньчык, варта ўзгадаць у малітве тых людзей, якія пакутуюць з прычыны розных узброеных канфліктаў, каб хутчэй перамагло дабро і ўсталяваўся мір.
20 снежня Бэтлеемскі агонь будзе ўрачыста ўнесены ў мінскую архікатэдру (18:30) і гродзенскую катэдру (17:00). На наступны ж дзень Святло міру будзе дастаўлена ў катэдры Віцебска (17:30) і Пінска (13:00).
Бэтлеемскі агонь у гэтым годзе плануецца ўнесці ў больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій (спасылка на расклад - у канцы артыкула).
У гэтай даволі адказнай місіі атулім малітоўнай падтрымкай нашых скаўтаў і скаўтак, каб Бэтлеемскае Святло супакою прыбыло ў Беларусь і не толькі дасягнула кожнай запланаванай кропкі на мапе, але і асвятліла нашыя сэрцы!
Глядзець мапу падарожжа Бэтлеемскага агню ў Беларусі (спасылка)
Тэкст і мапа: Андрэй Рамашка
Фота: Кс Алег Шпець SChr