Любоў Пана Бога ў нашым жыцці
Любоў Пана Бога заўсёды напаўняе нашае жыццё, толькі пад цяжарам нашых жаданняў, эгаізму, пачуццяў мы часцей усяго не заўважаем Яе.
Выйсці па замежы свайго эгаізму, пачуццяў і сваіх асабістых жаданняў дапамагае мне ўдзел у скаўцкіх зборах і выездах. Вось і ўдзел у акцыі Бэтлеемскага Агню дапамог выйсці па замежы "свайго" і Пан Бог паказаў мне, як любіць людзей праз нас і як любіць нас праз нашых бліжніх.
У вёсцы Опса нас сустрэла толькі адна простая, вясковая, немаладая жанчына. Пасля таго, як мы запалілі лампадку ў касцёле яна вельмі жадала падзяліцца з намі той любоўю, якой напоўніў яе Пан Бог. Жанчына пачала чытаць нам вершы пра сваю любоў да Бога. Потым падзялілася з намі сваім сведчаннем, яна сказала, што піша вершы пра Бога і за свае грошы друкуе іх. Потым спыталася ці хочам мы прыняць у дар некалькі кніжак з яе вершамі. Я абняў яе і сказаў, што буду вельмі рады прыняць у дар некалькі яе зборнікаў вершаў. І папрасіў, каб яна прыняла ад мяне ахвяру.
Па дарозе ў наступны касцёл я разважаў, што мне рабіць з 15 зборнікамі вершаў. І Пан Бог падказаў. Я дзяліўся імі з тымі людзьмі, якіх сустракаў. І расказваў пра паэтэсу Крумплеўскую з вёскі Опса.
Яшчэ хачу ўзгадаць пра святых. Мы маем шмат кананізаваных святых, у якіх аб заступніцтве перад Богам можам прасіць і браць з іх прыклад як трэба жыць. Але і шмат святых перад Богам людзей жыве сярод нас, з якіх нам таксама можна браць прыклад. Яны ніколі не будуць кананізаваны, але гэта не адмаўляе іх святасці. Гэтыя людзі нясуць веру ў Бога праз усё сваё жыццё, ходзяць у касцёл усё жыццё нягледзячы ні на што, дзякуюць Пану Богу за ўсё, радуюцца таму, што маюць і дзеляцца з бліжнімі сваёй радасцю. Падчас Бэтлеемскага Агню Пан Бог дапамог мне ўбачыць дзвух такіх святых, але я ўпэўнены іх было больш. Проста вочы сэрца майго, яшчэ не раскрыліся, каб заўважаць Божую любоў і Яго прысутнасць у маім жыцці.
Пане Божа адчыні вочы сэрцаў нашых, каб убачылі мы Тваю любоў і прысутнасць і нашым жыцці. Дапамажы напоўніцца тваёй любоўю і адчуць сябе любімымі тваімі дзецьмі. Дапамажы стаць нам любячымі тваім дзецьмі і любіць Цябе ўсім сваім сэрцам, усёю душою сваёю, усім розумам сваім і з усёй сваёй моцы. Таксама дапамажы любіць бліжняга свайго так, як Сын Твой, Пан наш Езус Хрыстус палюбіў нас.
Аўтар тэксту: Сяргей Баркоў