Дзень Братэрсай Думкі ў Полацку вачамі госця
Мая сястра, якая з'яўляецца каталіцкай скаўткай, запрасіла мяне на адно з іх скаўцкіх мерапрыемстваў.
1 сакавіка у касцёле адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню Братэрскай Думкі. Свята прайшло ў касцёле святога Андрэя Баболі.
Падзея пачалася са святой Імшы. А на шыхтаванні хлопцы і дзяучынкі крычалі свае дэвізы, пасля чаго ім далі розныя заданні пра Еўфрасінню Полацкую. Мы паехалі ў Сафійскі сабор і даведаліся шмат інфармацыі пра Прадславу. Экскурсія зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Я паглыбілася ў культуру і гісторыю таго часу.
Калі мы вярнуліся ў касцёл, дзеці рыхтавалі розныя сцэны пра Еўфрасінню Полацкую. Назіраць было вельмі весела. У кожнага дзіцяці сваё ўяўленне, і кожны з іх прапаноўваў свае варыянты. Усе дзеці былі вельмі прыязнымі і добрымі, заўсёды былі гатовыя прыйсці на дапамогу. З-за таго, што калектыў быў вельмі згуртаваны, дзецям спатрэбілася трохі часу, каб прыдумаць выдатныя сцэны. Мне было вельмі цікава назіраць за падрыхтоўкай дзяцей. А калі яны пачалі паказваць сцэны, я была уражана такой выдатнай гульнёй. На вогнішчы была незвычайная атмасфера: мы спявалі, танчылі і пляскалі адзін аднаму. Я ўпершыню была на такім мерапрыемстве, і словы не могуць апісаць маё ўражанне. На мой погляд, такія мерапрыемствы павінны праводзіцца часцей, бо яны дапамагаюць дзецям аб'яднацца, вучаць каманднай працы і даюць незабыўныя эмоцыі.
Аўтар тэксту: Юнона Серафімава