Вандроўка Гервяты-Гудагай, ці як я адкрываў Імены Пана Бога

Пры падрыхтоўцы да вандроўкі не пакідала думка, што будзе не цікава. Бо год назад ужо хадзілі з Гервят у Гудагай. Але Пан Бог - наш любячы Айцец, праз Егора - шэфа вандроўкі, рыхтаваў для мяне прыемны сюрпрыз.

Распачалася вандроўка святой Імшой у касцеле Найсвяцейшай Тройцы ў весцы Гервяты. Душпастыр нашай Полацкай дружыны - ксёндз Алег, заклікаў нас на час дарогі забыцца пра ўсе хатнія справы і турботы штодзеннага жыцця. Прайсці гэты шлях разам з Богам, аддаючы ўсяго сябе, і паспрабаваць адчуць, што Ён хоча нам сказаць.

У гадзіну вандроўніка разважалі над тым, якую спадчыну дае нам Пан Бог і якое Імя Ён называе. І Пан Бог сам дапамог у гэтым разважанні: назваў мне Свае Імя – наш любячы Айцец. Як сапраўдны Айцец, Ён адкрыў нашаму позірку прыгажосць Беларускай зямлі - той спадчыны, якую Пан Бог дае усім вандроўнікам. Багацце, якое ніхто не зможа забраць. А якое было багацце лясных гукаў: сярод якіх прыгожыя спевы птушак, шум ветру, незразумелыя начныя гукі лесу! Можна параўнаць такую зямную спадчыну з “аперэтывам” той вечнай спадчыны, якую Ен нам падрыхтаваў у небе. У вечары на вогнішчы мы распявядалі і спявалі адзін аднаму пра прыгажосць роднай зямлі, па братэрскі дзелячыся адзін з адным цеплыней нашых сэрцаў.

На другі дзень вандроўкі Пан Бог назваў мне Свае Імя – Усемагутны. Мяне не пакідала думка, што Ён хоча далучыць мяне да Сваей УСЕМАГУТНАСЦІ. Не хапае толькі, майго дазволу. Ён –  мой Стварыцель, чакае дазволу грэшнага, нікчэмнага, чалавека з кароткім векам, занадта мізэрнага, каб пазнаць Божую міласэрнасць і справядліваць. Толькі ад адной гэтай думкі хочацца стаць лепшым, чым я ёсць. І, разважаючы над Божым Словам падчас гадзіны вандроўніка, я даў сябе абяцанне: працаваць лепш, чым працую зараз.

Калі прыйшлі ў санктуарый Маці Божай Гудагайскай, я вельмі хацеў падзяліцца са сваімі братамі тым, што мяне перапаўняе, і даць сведчанне свайго хрысціянскага жыцця. Аднак думаў, што на гэта не хопіць часу. Але Пан Бог – Усемагутны: і ўжо ноччу, каля вогнішча, я спяваў спевы, на якія Ен мяне натхніў, і распавядаў пра тое, як я прыйшоў да Бога і да служэння ў скаўтынгу.

На трэці дзень Пан Бог яшчэ раз засведчыў Свае Імя – Ўсемагутны. Мы з братамі вельмі жадалі праслаўляць Бога спевам падчас парафіяльнай Імшы. Пробаршч сказаў: "Калі арганістка не прыйдзе, то спявайце". І падчас Святой Імшы мы праслаўлялі Пана Бога сваімі галасамі.

Я вельмі ўдзячны Пану Богу за гэту вандроўку, а таксама ўсім маім братам! Гэта была вельмі цікавая прыгода!

Аўтар тэксту: Сяргей з Полацкай парафіі імя св.Андрэя Баболі

Усе правы абаронены © 2023