Як вандравалі шэфы і ня толькі

У апошнія восеньскія выходныя гэтага года адбылася вандроўка кола шэфаў Першай Мінскай дружыны Святога Яна Паўла ІІ.

На гэты раз вандравалі разам з імі некалькі бацькоў, чые дзеці праходзяць фармацыю ў скаўцкіх адзінках. 

Духам скаўцкага братэрства была прасякнутая суботняя ранішняя Святая Імша, якая сабрала вакол алтара Пана, вандроўнікаў з Мінска, Першы Івянецкі звяз Святога Францішка і Івянецкае вогнішча маладых правадніц Святой Кацярыны Сіенскай. Кожная адзінка прыбыла на Эўхарыстую са сваімі інтэнцыямі і просьбамі, а супольны спеў упрыгожыў літургію.

Дэвізам мінскай вандроўкі былі словы з Евангелля паводле Святога Яна: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас”, над якімі больш глыбока мужчыны разважалі падчас гадзінаў вандроўніка. Маршрут жа, ў сваю чаргу, праходзіў па маляўнічым прасторам Івянецкага края: з Івянца ў вёску Баравікоўшчына, дзе ў 1943 годзе прынялі мучаніцкую смерць айцы-францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэмпень. 

Час вандроўкі быў напоўнены малітвай, размовамі, духам братэрства, сузіраннем прыроды, супольнымі гульнымі (як настольнымі, так і рухомымі) і ня толькі)) Пан Бог благаславіў гэтую імпрэзу добрым надвор’ем, дзякуючы чаму лес выглядаў зусім фантастычна, а тэмпература паветра была камфортнай і непадобнай на апошнія выходныя лістапада. Вандроўка завяршылася шыхтаваннем каля помніка Святому Яну Паўлу ІІ, які з’яўляецца апекуном дружыны (што, безумоўна, сімвалічна і прыгожа). 

Аўтар тэксту: Андрэй Рамашка
Фатаздымкі: удзельнікі вандроўкі

 

Усе правы абаронены © 2023