Мінская архікатэдра прыняла Бэтлеемскае святло міру

Вечарам суботы, 19 снежня, каля мінскай архікатэдры можна было ўбачыць незвычайную працэсію. Два штандары з рыцарскімі крыжамі, хлопцы і дзяўчаты розных узростаў, апранутыя ў прыгожую форму неслі ў руках запаленыя лампадкі. Упэўнены, што мінакі задаваліся пытаннямі кшталту "Хто гэта?", "Чаму яны так апранутыя?", "Што яны тут робяць?" Але, дасведчаныя асобы з упэўненнасцю скажуць, што гэта Каталіцкія скаўты, і гэта іхная адмысловая форма, а выконваюць яны тут ганаровае заданне: прыносяць у сваю архікатэдру – галоўны храм сваёй архідыяцыэзіі – Бэтлеемскае святло міру. Што такое Бэтлеемскі агонь і якім чынам ён трапляе ў Беларусь распавядалася ў нашым ранейшым артыкуле

На парозе святыні працэсію скаўтаў сустрэлі генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пробашч архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, прэс-сакратар ККББ Ксёндз канонік Юрый Ясевіч і душпастыр 1-ай і 2-ой мінскіх скаўцкіх дружын ксёндз Алег Шпець SChr, а таксама шматлікія рэпарцёры, парафіяне і бацькі скаўтаў. Біскуп Юрый, прыняўшы Святло міру каля дзвярэй касцёла, прынёс яго да прэзбітэрыя, дзе была падрыхтаваная адмысловая свечка, якую і запаліў прадстаўнік Каталіцкіх скаўтаў. Праз некаторы час настаў момант Святой Эўхарыстыі, казанне на якой прамовіў біскуп Андрэй, які ў гэтыя дні праводзіў у архікатэдральнай парафіі адвэнтавыя рэкалекцыі.

 

Пасля Святой Імшы Каталіцкія скаўты запалілі лампадкі Бэтлеемскім агнём для усіх ахвочых, а таксама падзяліліся Святло міру са скаўтамі з Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі, якія перададуць яго для скаўтаў з Расіі і таксама распаўсюдзяць яго сярод беларускіх праваслаўных. Былі зробленыя супольныя фатаздымкі і пасля гэтага ўсе разышліся, бо наперадзе былі вельмі насычаныя выходныя.

 

Аўтар тэксту: Андрэй Рамашка
Фатаздымкі: Віктар Ведзень, jan.by

Усе правы абаронены © 2023