Святло, якое яднае: Бэтлеемскі агонь прыбыў на Віцебшчыну

У нядзелю, 21 снежня, парафіі Віцебскай вобласці напоўніліся асаблівым святлом . Менавіта ў гэты дзень вернікі сустрэлі Бэтлеемскі агонь- сімвал надзеі, супакою і братэрства, які штогод вандруе па ўсім свеце, нагадваючы пра набліжэнне Нараджэння Хрыстова.

Аднымі з пасланнікаў гэтай важнай місіі сталі полацкія скаўты, скаўткі і самыя малодшыя ўдзельнікі руху- ваўчаняты. Нягледзячы на зімовы холад, яны выправіліся ў дарогу, каб даставіць агонь у самыя розныя куткі нашага краю.
У гэтым годзе шлях скаўцкай эстафеты пралягаў праз мноства парафій. Сімвал радасці і шчасця быў урачыста перададзены ў кастёлы Пастаў, Шаркаўшчыны, Верхнядзвінска, Германавіч, Ідолты, Опсы і іншых населеных пунктаў.
Усюды, куды б ні завіталі скаўты, іх сустракалі з радасцю і хвалюючым прадчуваннем свята.
Запальваючы свае свечкі і лампадкі ад Бэтлеемскага агню, вернікі прыносяць у свае дамы не проста полымя, а частку любові, якой так важна дзяліцца адзін з адным у гэты святы час.
Скаўты працягваюць сваё служэнне, сведчачы пра тое, што нават маленькі агонь здольны разагнаць вялікую цемру, калі яго несці з чыстым сэрцам.

Аўтар: Яна Серафімава з Полацка

 

Усе правы абаронены © 2023