Вандроўка разам з Богам

Даўно было на сэрцы зрабіць зімовую вандроўку на лыжах. Бог даў у гэтым годзе шмат снегу і мароз — самае надвор’е, каб ісці!
Пакуль даяжджаў да Івянца зранку, на дарозе быў мароз да 27 градусаў. Думаў, як бы гэта ён каманду не застрашыў. Але, на шчасце, усе прыйшлі. Нас было 6 чалавек: Улад, Мацьвей, Ігар, Раман, Юра і Вітольд. Узрост — ад 19 да 70 гадоў. Праўда, самы стары каталіцкі скаўт Беларусі Вітольд пашкодзіў на тыдні спіну, таму вырашыў ісці сваім пешым маршрутам (мы сустрэліся ў абед).
Пачатак вандроўкі быў парафіяльнай Святой Імшой у касцёле св. Аляксея а 9 гадзіне. Пасля СІ мы сабраліся на плябані ў а. Леха для арганізацыйных пытанняў, пасля чаго вырушылі да кляштара і, разабраўшы лыжы, па шыхтаванні выехалі на месца старту.
Маршрут быў выбраны ў ваколіцах Івянца: з Вуглоў праз хутар Дайнава да Івянца, усяго каля 9 км. Для першага разу, з улікам таго, што шмат хто стаяў на лыжах апошні раз у школе, — сама тое, што трэба. Ужо ўстаўшы на лыжы, мы зразумелі, якое цудоўнае надвор’е падрыхтаваў нам Госпад: сонца, бязветр’е, тэмпература паднялася да -13 градусаў.
На пачатку рухаліся пераважна дарогай з калеінамі ўздоўж лесу і поля. Бачылі дзвюх казуль удалечыні і ліса. Частка шляху перад абедам ішла праз лес, дзе прыйшлося “таптаць лыжню” — атрымалася сапраўдная прыгода.
Абед з прычыны марозу планавалі ў хаце на хутары. Каля хаты нас ужо чакаў Вітольд, які апярэдзіў нас па сваім маршруце на адну гадзіну.
Адразу распалілі печ, прасушыліся і згатавалі абед. Перад абедам а 15 гадзіне маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Пасля абеду па дарозе на Івянец з-за неачышчанных дарог на хутар зноў прыйшлося таптаць паўметровы снег, які месцамі дасягаў, пэўна, і метра таўшчыні. Нам, на лыжах, было лягчэй змагацца з ім, а вось Вітольду, які ішоў за намі пешшу, было сапраўднае выпрабаванне!
Калі мы выехалі на заснежаную дарогу, то зрабілі гадзіну вандроўніка, падчас якой разважалі Божае Слова. Дзяленне зрабілі ўжо ў скаўцкім цэнтры.
Калі даехалі да Івянца, да чыстага асфальту, то, на жаль, прыйшлося зняць лыжы і ісці да скаўцкага цэнтра пешшу. На прывале нас дагнаў Вітольд (уявіце сабе!) і мы ўжо разам ішлі апошнюю частку маршрута.
Вячэра была згатавана на месцы, а пасля вячэры было дзяленне жыццём у лазні.
Нядзеля, 1 лютага.
Нядзелю распачалі ранняй пабудкай і руханкай на марознай пляцоўцы перад скаўцкім цэнтрам. Пасля руханкі адбылося шыхтаванне, а затым і рыхтаванне сняданку. Любы пасілак у супольнасці братоў, а яшчэ і добра прыгатаваны, вельмі смакуе. Пасля сняданку была гадзіна вандроўніка ў капліцы вечнай адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пасля — зборы і прыбіранне. У нядзельнай парафіяльнай СІ у касцёле св. Міхаіла мы ўдзельнічалі разам з парафіянамі і ваўчанятамі. Нядзельная частка сумесна праведзенага часу скончылася шыхтаваннем на заканчэнне нашых прыгод пасля СІ.
Выказванні ўдзельнікаў:
Акела:
Вельмі радасна, што ўсё атрымалася: усе сталі на лыжы, нягледзячы на складанасці — ганаруся вамі!
Вітольд таксама быў з намі, хоць і ішоў сваім маршрутам. Усе дайшлі да мэты.
Прыгожае надвор’е нам спрыяла. Быў час і захапляцца прыродай, і атрымаць задавальненне ад фізічнай нагрузкі.
Дадало крыху суму, што не дайшлі на лыжах да самога касцёла і скаўцкага цэнтра.
Вітольд:
Я вельмі ўдзячны за вашу падтрымку — усё адбылося як найлепш, і снег па калена, але ваша падтрымка і вера ў Бога — усё гэта давала сілы. Дзякуй вам! Скаўт тым і адрозніваецца, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ідзе да пастаўленай мэты.
Ігар:
Вандроўка спадабалася, усё было супер!
Мацьвей:
Як і заўсёды, вандроўка стала часам сустрэчы сам-насам з Богам і з сабою. Праз снежныя лясы і палі мы здолелі і пабыць у цішы, і ў духу братэрскай еднасці і любові сустрэліся з Богам. Хвала Пану за такі цудоўны адпачынак з Ім і братамі!
Улад:
Это была моя вторая вандроука, я рад что побывал на ней, я был младше всех, было приятно общаться со скаутами взрослого возраста, перенимать их опыт. Мы отлично покатались на лыжах, любовались природой, была классная погода. Для меня это было отличным приключением в котором я испытывал свои силы.
Хвала Пану, что всё получилось!
Аўтар: Раман
