Урачыстае складанне Абяцання кандыдатак у Божыя кароўкi ў Гродне
Хочам з Вамі падзяліцца нашай вялiкай радасцю!
16 красавіка 2016 года ў парафіяльным Коле Божых каровак, iснуючым пры парафii Найсвяцейшага Адкупiцеля ў Гродне, адбылося ўрачыстае складанне Абяцання кандыдатак у Божыя кароўкi. Складаючы яго Божая кароўка свядома бярэ на сябе абавязак жыць i паводзiць сябе як дзiця Божае, дапамагаць усiм, хто патрабуе дапамогi, дарыць радасць iншым праз добрыя ўчынкi.
Пад сваю апеку Божых каровак узялi старэйшыя дзяўчаты-правадніцы. Гэта каманда шэфа Ірыны і яе дапаможных Ангеліны і Лілі. Нягледзячы на кароткi час iснавання ў Кола ўваходзiць амаль дваццаць дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў жыцця.
Ганаровым госцем цэрымоніі быў Нацыянальны камісар па жоўтай галіне Марына і сябры святары А. Андрэй і Кс. Аляксандр.
Скаўцкi метад выхавання дапамагае наймалодшым Божым кароўкам расцi спакойнымі i ўраўнаважаннымi дзецьмi, вучыць распазнаваць i дзялiцца радасцю Хрыста.
Даволi шмат часу яны праводзяць на свежым паветры, знаёмяцца з навакольным асяродзем, захапляюцца яго прыгажосцю, гуляюць у рухавыя гульнi, вандруюць і ажыццяўляюць свае найглыбейшыя дзіцячыя мары падчас «летняга палёту».
Мiж iншым вялiкая ўвага ўдзяляецца i духоўнаму ўзрастаню дзяўчынак. Божыя кароўкi вучацца жыць у супольнасцi, дапамагаць адна адной, развiваць сваю фантазiю, творчыя здольнасцi, працоўныя звычкi.
А калі Ты адчуваеш голас Хрыста i хочаш дапамагчы руху Божых каровак, то запрашаем Цябе да малiтвы за шэфаў i iх падапечных, а таксама да дапамогі!
Шчаслiвага палёту, Божыя кароўкi!
Сябры Божых каровак