Вандраванне па Навагрудскіх пагорках

6-7 сакавіка каманда маладых правадніц бл. Тэрэзы Калькуцкай з Івянца вырушыла ў вандроўку ў Навагрудак.​

Вандроўка — гэта час, які мы ахвяравалі Богу, і нішто не змагло нам сапсаваць добры настрой: ні дрэннае надвор'е, ні баявыя раненні, ні цяжкасці шляху.

Нашыя прыгоды пачаліся ў вёсцы Уселюб, у якой мы наведалі касцёл святога Казіміра—самы старажытны касцёл на Беларусі, капліцу-пахавальню О’Руркаў, пажарышча маёнтка О'Руркаў і старадаўні парк.

Наш шлях пралягаў па Навагрудскай гарыстай мясцовасці. Мы захапляліся прыгажосцю месцячковай прыроды і пабудоў.

У вёсцы Літоўка мы спыніліся на абед, дзе пабачылі, напэўна, самы прыгожы аўтобусны прыпынак, зроблены на матыў паэмы Адама Міцкевіча "Гражына".

Калі прыйшлі ў Навагрудак, мы не змаглі не спыніцца ў падножжа замчышча. Далей накіраваліся ў кляштар сясцёр-назаратанак, якія нас сардэчна прынялі. Сясцёр у кляштары было не шмат, але жыццё ў ім ідзе ў поўную меру. Мы нават даведаліся пра тэхналогію прыгатавання аплатак і самі паспрабавалі іх рабіць (і есці).

На наступны дзень мы ўдзельнічалі ў Святой Iмшы разам з сёстрамі, а потым дапамагалі ім у бытавых справах.

Далей адправіліся на вандраванне па горадзе. Наведалі славутыя Навагрудскія мясціны.

Пасля абеда мы вырушылі дадому. Заехалі на гару Міндоўга. Спуск з якой завяршыўся не самымі лепшымі наступствамі для адной з вандроўніц. Таксама пабывалі на месцы расстрэла сясцёр-назаратанак, якія былі забітыя немцамі ў час Другой сусветнай вайны.

З кожнай вандроўкай Бог набліжаецца да нас і кажа аб важнасці скаўцкага жыцця. Мы адракаемся ад сваіх штодзёных спраў, збіраем вялікі заплечнік і вырушаем у шлях, каб сустрэцца з Панам Богам і ўбачыць чаго каштуем. Мы стамляемся фізічна, але ўзмацняемся духоўна праз малітву, служэнне Богу і бліжнім.

Лямбовіч Валянціна
Шэф каманды маладых правадніц, Івянец

Усе правы абаронены © 2023