Восеньская вандроўка вогнiшча маладых праваднiц Гомеля-Мазыра

"Адплыві на глыбіню!" - з такiм воклічам 14-16 кастрычніка рушыла ў восеньскую вандроўку вогнішча маладых правадніц у складзе чатырох дзяўчат з Гомеля і Мазыра.
Вандроўка - гэта лепшы спосаб адарвацца ад гарадской мітусні, беганіны, пошуку матэрыяльных каштоўнасцяў і звярнуцца да духоўнага стану сваёй душы і, безумоўна, паглыбіць свае веды аб прыгажосці беларускай прыроды.
Першым пунктам нашага вандравання быў Жлобін, у якім нас ветліва сустрэлі айцец Алег і душпастыр нашага вогнішча - айцец Андрэй. Там, у Жлобіне, мы і засталіся на начлег, а раніцай рушылі ў дарогу. Курс трымалі ў вёску Чырвоны Бераг.
Выйшаўшы з цягніка ў вёсцы Данілаў Мост, нашаму позірку адкрылася прыгажосць восеньскага ўбрання лесу: дрэвы былі апрануты ў жоўта-аранжавае лісце, а пры кожным подыху ветру залацістыя лісты адрываліся ад галінак і плаўна апускаліся на зямлю.
Адметнасць скаўтынгу - Святая Імша пад адкрытым небам. На такой Імшы вельмі востра адчуваеш сваю сувязь з Богам і з навакольным светам. Мы зрабілі з бярозавых ветак крыж і з вяровак - алтар. Імшу цэлебраваў айцец Андрэй, які сваім цудоўным словам натхніў нас абвяшчаць людзям Валадарства Божае, не саромецца сваёй веры і шукаць праз малітву сваё пакліканне.
Умацаваныя Божым Словам, мы крочылі далей. І вось, нарэшце, гэтая невялікая вёсачка Чырвоны Бераг, у якой здарылася шмат няшчасцяў падчас Другой Сусветнай вайны. У 1943 годзе тут быў створаны донарскі канцлагер для дзяцей, якіх гвалтоўна забіралі ад бацькоў. У тых дзяцей забіралі кроў для параненых нямецкіх афіцэраў. Пасля поўнага збору крыві дзяцей спальвалі на вогнішчах або ў кацельнях.
Праходзячы па вёсцы, мы спыніліся ля мемарыяла "Чырвоны Бераг", які быў адкрыты ў 2007 годзе. Мемарыял пачынаецца са скульптуры самотнай дзяўчынкі, твар якой перакрыўлены ад болю і бездапаможнасці. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца "Плошча Сонца". Адзін з яго прамянёў чорнага колеру – "Прамень Памяцi" – з'яўляецца галоўным уваходам у мемарыял i праходзiць праз пустыя белыя парты «мёртвага класу». Тут заходзіцца і школьная дошка, на якой выведзены поўныя адчаю словы беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай, якія яна напісала бацьку з нямецкай няволі. У цэнтры "Плошчы Сонца" знаходзіцца Караблік Надзеі, на ветразях якога запісаны імёны дзяцей. У процілеглай частцы - вітражы с малюнкамі дзяцей - увасабленне дзіцячых мараў.
Напоўненыя сумнымі разважаннямі, мы рушылі далей у вёску Казімірава, дзе планавалі сесці ў цягнік. Па дарозе згатавалі смачны суп.
У Жлобін прыехалі каля сёмай гадзіны вечара. І там нас чакала вячэра-сюрпрыз ад нашага шэфа вогнiшча. Менавіта гэтым вечарам мы ўпершыню паспрабавалі сябе ў якасцi кітайскіх кухараў. Мы згатавалі апетытныя ролы, якія ўміналі за абедзве шчакі.
У нядзелю мы прынялі ўдзел у Святой Імшы ў новапабудаваным касцёле. Пасля гэтага накіраваліся да прыгожага месца каля Дняпра. Аблюбавалі паляну, на якой расклалі вогнішча і прыгатавалі рыбны суп (не, не з рачной рыбы, а з кансерваў). Пакуль наш душпастыр, айцец Андрэй, праводзіў для нас канферэнцыю, айцец Алег, улавіўшы далікатэсны пах каля рэчкі, прыбег да нас за пачастункам, але, шкада, з відэльцам. Таму суп яму прыйшлося есці чарпаком.
Так і скончылася наша вандроўка на вясёлым моманце. Даўшы абяцанне прыехаць праз дзве нядзелi з малодшымi скаўткамi, мы цёпла развіталіся з айцом Алегам, узялі заплечнікі і рушылі дамоў.
Вярталіся назад радаснымі, задаволенымі і шчаслівымі, поўнымі духоўных сіл!
Яна Шапялевіч, Мазыр
